adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Конкурс рэжысёрскіх канцэпцый да Дня беларускага пісьменства 2025

04.06.2025

Міністэрства інфармацыі сумесна з Міністэрствам культуры аб'яўляе конкурсны адбор рэжысёрскіх канцэпцый на правядзенне ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства (6-7 верасня, г. Ліда Гродзенскай вобласці).

Да ўдзелу ў конкурсным адборы запрашаюцца прафесійныя рэжысёры, студэнты і стажоры профільных спецыяльнасцей, а таксама іншыя асобы (аўтарскія калектывы), якія маюць магчымасць і жаданне прыдумляць і рэалізоўваць арыгінальныя творчыя праекты, прысвечаныя ўрачыстасці беларускага слова.

Заяўкі павінны адпавядаць наступным патрабаванням:

  • уключаць рэжысёрскія канцэпцыі цырымоній і гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця свята;
  • магчымасць рэалізацыі прапанаваных канцэпцый на адкрытай сцэне горада Ліды (Дажыначная плошча) на працягу двух дзён;
  • адлюстроўваць тэму і ідэю свята, асноўную сюжэтную лінію (з вылучэннем пры неабходнасці тэматычных раздзелаў, блокаў, карцін), прыкладны пералік творчых калектываў і выканаўцаў, якіх плануецца запрасіць для ўдзелу ў мерапрыемствах;
  • апісанне спецэфектаў і спецыяльных элементаў сцэнічнага абсталявання, якія неабходны для рэалізацыі канцэпцыі;
  • выкарыстанне слогана і эмблемы Дня беларускага пісьменства ў г. Лідзе.

Рэжысёрская канцэпцыя цырымоній адкрыцця і закрыцця павінна адлюстроўваць наступныя тэмы:

  • 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне;
  • 500 гадоў з дня першай публікацыі кнігі "Апостал" Францыска Скарыны на беларускіх землях;
  • Год добраўпарадкавання;
  • юбілеі класікаў беларускай літаратуры (100-годдзе Івана Навуменкі, 185-годдзе Францішка Багушэвіча, 105-годдзе Аляксея Пысіна, 95-годдзе Яраслава Пархуты, 90-годдзе Анатоля Клышкі).

Пры гэтым рэжысёрская канцэпцыя цырымоніі адкрыцця павінна прадугледжваць прывітанні ад арганізатараў свята і цырымонію ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі, канцэрт закрыцця перадачу святочнай эстафеты ад горада Ліды сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2026 годзе, узнагароджанне пераможцаў конкурсаў на вызначэнне слогана і эмблем Дня беларускага пісьменства.

Аўтар заяўкі, якая будзе адабрана экспертнай камісіяй і падтрымана аргкамітэтам фестывалю, павінен быць гатовы сфарміраваць рэжысёрска-пастановачную каманду, падрыхтаваць сцэнарый і эскізы мастацкага афармлення адкрытай сцэнічнай пляцоўкі для правядзення цырымоній адкрыцця і закрыцця свята.

Рэжысёрскія канцэпцыі, а таксама кароткую інфармацыю аб аўтары (аўтарскім калектыве) неабходна накіраваць на электронны адрас Міністэрства інфармацыі: uid@mininform.gov.by да 12 чэрвеня 2025 года.

arrow
arrow