adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Культура ляснога бортніцтва Беларусі ўключана ў спіс ЮНЕСКА

18.12.2020
17 снежня 2020 г. на 15-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА прынята рашэнне аб уключэнні беларуска-польскай намінацыі “Культура ляснога бортніцтва” у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Намінацыя падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Бортніцтва на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў мела вялікае значэнне. Вядома, што ўжо ў Х – ХІІ стст. яно было добра развіта і пашырана на тэрыторыі ўсёй краіны. Улічваючы вялікую каштоўнасць воска, а таксама самого мёда, бортніцтва як асобная галіна гаспадаркі ўзгадваецца ў Статуце Вялікага княства Літоўскага. У ХVI–XVIII стст., калі бортніцтва стала прыбытковым промыслам, у гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіравання. 

Сёння бортніцтва захоўваецца ў многіх вёсках Лельчыцкага раёна, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, асобныя бортнікі дзейнічаюць у Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцях. Захоўваюцца бортныя трацыцыі і ў асобных рэгіёнах Польшчы і Украіны.

Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў 2017 годзе ўключана Міністэрствам культуры ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як комплексны элемент культурнай спадчыны, які ўвабраў не толькі матэрыяльную, але і духоўную частку культуры. 

Культура ляснога бортніцтва стала чацвёртым беларускім элементам, уключаным у спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. 
arrow
arrow