Курсы павышэння кваліфікацыі па вучэбнай праграме «Актуальныя пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны»
У Мінску з 23 па 27 мая праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі па вучэбнай праграме «Актуальныя пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны» для спецыялістаў выканкамаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
З прывітальным словам перад слухачамі выступіў Міністр культуры Анатоль Маркевіч. Анатоль Мечыслававіч адзначыў, што прафесійныя кадры - важны фактар у справе захавання нацыянальнай спадчыны, таму гэтаму пытанню ўдзяляецца асаблівая ўвага.
Кіраўнік ведамства расказаў аб узаемадзеянні дзяржавы і бізнесу па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Акцэнтаваў увагу на спрашчэнні і ўдасканаленні парадку работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях у рамках падрыхтаваных змяненняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
Шырокаму колу пытанняў аховы спадчыны былі прысвечаны выступленні прадстаўнікоў упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. Так, усебакова абмеркаваны палажэнні дзейнiчаючага заканадаўства аб культуры, пытанні правапрымяняльнай практыкі. Асаблівая ўвага ўдзелена змяненням у Кодэксе аб культуры, якія ў бліжэйшы час будуць разгледжаны ў другім чытанні.
Праграмай курсаў таксама прадугледжаны выступленні прадстаўнікоў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, УП «Белніпіградабудаўніцтва», адміністратараў Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, рэстаўратараў, мастацтвазнаўцаў, арганізацыя экскурсій і іншыя практычныя заняткі ў гэтай сферы. Кожны слухач па выніках атрымае сертыфікат аб павышэнні кваліфікацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.