Легендарны балет "Жызэль" вяртаецца на сцэну Беларускага музычнага тэатра
Балет Адольфа Адана "Жызэль" вяртаецца на сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Прэм'ера спектакля адбудзецца 27 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы маркетынгу БДАМТ Вольга Гудожнікава.
"Балет быў у рэпертуары нашага тэатра ў 80-я гады. Цяпер вырашылі зноў яго паставіць у новых дэкарацыях і касцюмах. Харэаграфія будзе класічная, яе ставіць балетмайстар-пастаноўшчык народная артыстка Беларусі Кацярына Фадзеева, - расказала Вольга Гудожнікава. - Над спектаклем таксама працуюць дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, мастак-пастаноўшчык Ілья Падкапаеў і трупа класічнага балета тэатра".
"Жызэль" упершыню ўбачыла свет 28 чэрвеня 1841 года. Прэм'ера балета мела ашаламляльны поспех і захопленыя водгукі крытыкаў. Тэатр Ле-Пелецье ў Парыжы на працягу цэлага месяца даваў толькі "Жызэль". Цікава, што музыка балета, якая прынесла свайму аўтару сусветнае прызнанне, была напісана Адольфам Аданам усяго за дзесяць дзён. У пачатку XX стагоддзя заходняе балетнае мастацтва практычна прыйшло ў заняпад, і некалі славуты балет захаваўся толькі дзякуючы рускай сцэне. Менавіта версія Марыуса Пеціпа, якую паспяхова выканалі ў 1910 годзе ў час "Рускіх сезонаў за мяжой", змагла зноў абудзіць цікавасць да "Жызэлі" на яе радзіме.
Сярод арыгінальных пастановак гэтага спектакля вылучаецца работа шведскага харэографа Матса Эка 1982 года. У яго версіі першы акт практычна не адыходзіць ад першапачатковай версіі, вось толькі галоўная гераіня не памірае, а пачынае буяніць, і жыхары яе спрабуюць супакоіць. Жызэль трапляе ў псіхіятрычную лячэбніцу і ў выніку ратуе свайго каханага зусім не ад віліс, а ад раз'юшаных пацыентаў.
"А вось якую версію балета "Жызэль" прапануе наш тэатр, гледачы даведаюцца на яго прэм'еры", - сказала Вольга Гудожнікава.