Літаратурны музей Багдановіча рэалізуе некалькі міжнародных праектаў
Літаратурны музей Багдановіча рэалізуе некалькі міжнародных праектаў, расказаў журналістам загадчык філіяла "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Бараноўскі на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нядаўна сумесна з Інстытутам сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага і пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы мы выпусцілі кнігу "М. Горький и А. Богданович: дружба, рожденная на берегах Волги". Вельмі прыемна, што нашы ініцыятывы падтрымліваюцца на такім узроўні, - падкрэсліў загадчык. - Акрамя таго, мы актыўна працуем над выставамі. У бягучым годзе мы прадставілі ў сябе разам з калегамі з Дзяржаўнага музея-кватэры А.М.Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе міжнародны праект "Новыя гарызонты", дзе дэманстраваліся кнігі з аўтографамі расійскага пісьменніка і яго жонкі Кацярыны Адаму Багдановічу і рэчы з нашых фондаў".
Акрамя пастаянных экспазіцый музей прапануе жадаючым наведаць перасовачныя. "Яны цяпер карыстаюцца даволі вялікім попытам. У гэтым годзе мы прадставілі такую выставу ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН і Тэатры юнага гледача, таксама яна будзе вандраваць па бібліятэках Мінска", - прадоўжыў загадчык.
Ён адзначыў, што музей рэалізуе не толькі асветныя, забаўляльныя, выдавецкія праекты, але і навуковыя. Напрыклад, у лістападзе плануецца правесці Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, дзе вучоныя змогуць праявіць сябе.
У бягучым годзе Літаратурны музей Максіма Багдановіча адзначае 40-годдзе з моманту свайго стварэння. "Цяпер у нас прадстаўлена выстава "40/40", якая расказвае пра юбілей нашай установы. Мы адабралі за кожны год існавання музея па адным прадмеце, такім чынам жадаючы праілюстраваць гісторыю папаўнення фондаў і праз гэтыя прадметы расказаць пра фондастваральнікаў і людзей, якія прыклалі шмат намаганняў для таго, каб такая ўстанова была. Паколькі музей - гэта не толькі экспанаты, але і людзі, якія захоўваюць і шануюць памяць пра нашых выдатных дзеячаў", - адзначыў Міхаіл Бараноўскі.
"Юбілей - добрая нагода, каб падвесці вынікі, а таксама намеціць планы і праекты, якія будзем рабіць у будучым. Бягучы год мы пачалі кніжнымі навінкамі, якія з'яўляюцца вынікам працы музейных супрацоўнікаў за даволі доўгі перыяд. Сярод гэтых выданняў - каталог аўтографаў Максіма Багдановіча, дзе сабраны ўсе вядомыя на сёння аўтографы паэта. Работа над гэтым зборам вялася не адзін год і вельмі прыемна, што ў нас цяпер ёсць такое выданне, якое, дарэчы, даступна ў электронным варыянце на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры", - дадаў загадчык.
Музей прадоўжыў серыю кніг, што была пачата яшчэ ў 1990-я гады. "Гэта выданне "Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча". У ім сабрана эпісталярная спадчына бліжэйшага асяроддзя, сваякоў літаратара. Праз гэтыя перапіскі мы даведаемся шмат цікавага аб унутраным жыцці сям'і і самім паэце, дзе ён перыядычна згадваецца, атрымлівае тую ці іншую характарыстыку, або проста нейкія бытавыя падрабязнасці яго жыцця. Яно таксама даступна ў электронным варыянце", - прадоўжыў Міхаіл Бараноўскі.
Загадчык анансаваў, што ў канцы года адкрыецца яшчэ адна выстава. "Мы спадзяёмся сабраць рэчы, якія знаходзяцца ў нашых калег, таму што не ўсё з матэрыяльнай спадчыны Максіма Багдановіча трапіла ў наш музей. Спадзяюся, што сёе-тое, чаго мінчане не бачылі раней, можна будзе ўбачыць у экспазіцыі", - сказаў ён.
Музей таксама вядзе інклюзіўныя праекты. "У мінулым годзе ў нас прайшла выстава "Паэзія кропак... Багдановіч" Васіля Зянько. Ён працуе ў цікавай тэхніцы, якая дае магчымасць людзям з абмежаваннямі па зроку прачытаць вершы Максіма Багдановіча праз фактуру, мастацкую тэхніку, у якой выкананы работы, адчуць вобразнасць паэта. Гэтыя работы будуць прадстаўлены на выставах у рэгіёнах, у бліжэйшы час у Бярозе. У Мінску мы арганізуем некалькі выстаў у спецыялізаваных установах, таму што даступнасць некаторых культурных ініцыятыў для такіх людзей абмежавана. Мы вырашылі зрабіць крок насустрач і адвезці гэтыя работы непасрэдна да іх. У цэлым мы правядзём некалькі такіх ініцыятыў у час акцыі "Багдановіч для ўсіх", - рэзюмаваў Міхаіл Бараноўскі.-0-