Мецэнацтва - паказчык высокага развіцця культуры грамадства
"Лічу, што гэта паказчык высокага развіцця культуры грамадства, калі падтрымка культурных праектаў становіцца важнай справай. Дзякуючы вашым намаганням рэалізуюцца многія праекты, якія ўзбагачаюць культуру", - звярнуўся да мецэната міністр.
Сярод праектаў, якія ў тым ліку рэалізуюцца з падтрымкай мецэнатаў, - факсімільнае выданне спадчыны Францыска Скарыны, фестывалі нацыянальных культур у Гродне, нацыянальнай песні і паэзіі ў Маладзечне, "Славянскі базар у Віцебску", фестываль у Александрыі, "Лістапад". Гэта толькі самыя буйныя праекты, але ёсць яшчэ шмат не такіх маштабных, але не менш дастойных і значных праектаў, падкрэсліў Барыс Святлоў.
Усяго рэспубліканскімі арганізацыямі, галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога і абласных выканаўчых камітэтаў было прадстаўлена 90 кандыдатур мецэнатаў, 76 з іх аргкамітэт вызначыў для ўзнагароджання дыпломам "Мецэнат культуры Беларусі".
Кіраўнікам і прадстаўнікам арганізацый Беларусі рознай формы ўласнасці, якія аказалі ў 2016 годзе арганізацыям культуры бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу, уручаны ганаровыя дыпломы. У ліку тых, хто стаў мецэнатам у намінацыі "За ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры" - ААТ "Беларуськалій", "Ашчадны банк "Беларусбанк", рэспубліканскае ўнітарнае страхавое прадпрыемства "Белдзяржстрах".
Уручаны дыпломы ў намінацыі "За значны ўклад у арганізацыю міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, свят" дзяржаўнаму аб'яднанню "Беларуская чыгунка", ААТ "Белаграпрамбанк", "Мінскі завод пеністых він" і іншым. Віншаванні прымалі пераможцы намінацыі "За аказанне падтрымкі ў правядзенні наватарскіх культурных праектаў", а таксама "За ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва", у ліку якіх пасольства Швецыі ў Беларусі.
За пастаянную падтрымку нацыянальнай культуры адзначаны авіякампанія "Белавія", "Белтэлекам", Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат і іншыя. Рэспубліканская акцыя "Мецэнат культуры Беларусі" прайшла ў Палацы Рэспублікі. Госці вечара змаглі азнаёміцца з выстаўкай рарытэтаў, набытых за кошт сродкаў мецэнатаў.