Міжнародны навукова-практычны семінар "Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў"
З 15 па 17 лістапада 2022 года ў Рэспубліцы Беларусь будзе праходзіць Міжнародны навукова-практычны семінар "Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў".
Семінар праводзіцца ў Год народнай творчасці і культурнай спадчыны ў СНД. Арганізатар - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.
У мерапрыемстве прымуць удзел вядучыя эксперты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана - прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-даследчых арганізацый, устаноў культуры і адукацыі.
Удзельнікі семінара раскажуць аб асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі па захаванні культурнай спадчыны, прэзентуюць унікальны вопыт сваіх дзяржаў па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльных каштоўнасцей. Будуць разгледжаны пытанні імплементацыі Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г. (ЮНЕСКА).
Асноўнымі задачамі семінара з'яўляюцца пошук аптымальных шляхоў захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ва ўмовах глабальных выклікаў сучаснасці, пашырэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы захавання і прасоўвання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая садзейнічае падтрымцы культурнай разнастайнасці і развіццю міжкультурнага дыялога.
У рамках падрыхтоўкі семінара выдадзены зборнік матэрыялаў, у які ўвайшлі больш за 50 артыкулаў па пытаннях аховы культурнай спадчыны ў краінах СНД, і буклет "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі", які ўключае звесткі аб нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях Беларусі.
Урачыстае адкрыццё міжнароднага семінара і пленарнае пасяджэнне адбудуцца 15 лістапада 2022 г. у штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у Мінску (вул. Кірава, 17). Пачатак - 9.00. Ва ўрачыстым адкрыцці семінара прымуць удзел Міністр культуры Анатоль Маркевіч, прадстаўнікі Выканкама СНД, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступяць прадстаўнікі васьмі краін СНД.
У гэты ж дзень з 15.00 да 16.30 у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў удзельнікі семінара абмяркуюць пытанні інтэграцыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адукацыйны працэс (вул. Рабкораўская, 17, галоўны корпус, аўдыторыя 123).
З 17.30 да 19.00 у спартыўна-культурным цэнтры БДУКіМ (вул. Рабкораўская, 17/2) адбудзецца ўнікальны канцэрт «Традыцыі і пераемнікі» з удзелам носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з усіх рэгіёнаў Беларусі. Будуць прадстаўлены танцавальныя і песенныя нумары захавальнікаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, выступяць аўтэнтычныя калектывы “Дубравіца” з Жыткавіцкага, “Таняжанка” з Лельчыцкага, “Галасы спадчыны” з Полацкага раёнаў, вядомыя дзіцяча-юнацкія калектывы пераемнікаў традыцый “Гасцы”. «Скарбаначка» са Шчучынскага, «Берагіня» з Барысаўскага раёнаў, а таксама творчыя калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
16 лістапада 2022 г. праца семінара працягнецца ў секцыях на базе аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Замкавы комплекс «Мір» у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. На тэрыторыі замка таксама адбудзецца прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці. Удзельнікі і госці семінара пазнаёмяцца з творчасцю народнага лялечнага тэатра "Батлейка", ансамбля "Цырынскія музыкі", рэгіянальнымі рамеснымі традыцыямі і інш. Пачатак - 10.00.
17 лістапада 2022 г. у 10.00 на базе мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску пройдзе прэзентацыя выкарыстання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музейнай дзейнасці, а таксама падвядзенне вынікаў міжнароднага семінара і зацвярджэнне выніковай рэзалюцыі.
Акрамя таго, у рамках міжнароднага семінара ў г. Мінску з 12 па 20 лістапада 2022 г. на базе мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага будзе працаваць першая ў Беларусі агульнарэспубліканская выстава па нематэрыяльнай культурнай спадчыне. На выставе будуць прадстаўлены элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з усіх рэгіёнаў Беларусі.