Міністр культуры Анатоль Маркевіч наведаў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Кіраўнік ведамства сустрэўся з працоўным калектывам, дзе ў рамках правядзення адзінага дня інфармавання выступіў на тэму «Культурная і прыродная спадчына Беларусі як фактар развіцця турызму».
- Наша краіна валодае культурным і прыродным турыстычным патэнцыялам, - сказаў Анатоль Мечыслававіч. - Дзякуючы праводзімай дзяржавай рабоце доля турызму ў ВУП Беларусі з 0,06 працэнта ў 2003 г. вырасла да 2,2 працэнта ў дакавідным 2019-м.
Міністр культуры адзначыў, што беларуская турыстычная галіна стала надаваць больш увагі ўнутранаму турызму. Найбольш папулярнымі і запатрабаванымі ў 2021 годзе сталі такія напрамкі турызму, як культурна-пазнавальны, экалагічны, аграэкатурызм, лячэбна-аздараўленчы, медыцынскі, прамысловы і гастранамічны. Менавіта яны ляжаць у аснове турыстычнага патэнцыялу нашай краіны. Анатоль Маркевіч падрабязна спыніўся на кожным з гэтых напрамкаў.
Кіраўнік ведамства звярнуў увагу на актыўнае развіццё турызму паміж краінамі СНД. На ўзроўні Выканаўчага камітэта працягваецца абмеркаванне праекта «Каштоўныя каралі Садружнасці». Дарэчы, на тэрыторыі нашай краіны ёсць 4 аб'екты, унесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сярод іх жамчужыны беларускай архітэктуры: замкавы комплекс «Мір» і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Таксама ў спісы ўнесены Геадэзічная дуга Струвэ і, вядома ж, Нацыянальны парк «Белавежская пушча».
Акрамя заяўленай тэмы АДІ, адбылося абмеркаванне пытанняў функцыянавання сферы культуры. Не засталіся без увагі заработная плата і пераход тэатраў на парытэтнае фінансаванне за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.
Акрамя таго, падчас візіту Міністр культуры Анатоль Маркевіч азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай тэатра. Пабываў у грымёрных, а таксама памяшканнях, дзе рыхтуюцца рэквізіты для тэатральных пастановак, азнаёміўся з аснашчэннем сцэны.
У гэтым годзе Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі споўнілася 30 гадоў. РТБД з`яўляецца адным з пяці тэатраў Беларусі, дзе спектаклі ідуць выключна на беларускай мове. Тэатр унікальны і сваёй канцэпцыяй - асновай рэпертуару з'яўляецца сучасная беларуская драматургія.
У афішы – гісторыі і разважанні пра жыццё чалавека, адносіны бацькоў і дзяцей, роля асобы ў гісторыі. Тэатр ужо парадаваў гледачоў трыма прэм'ерамі 2022 года - спектаклямі «Пачупкі», «Камень дурасці», «Альпійская балада». З аншлагам праходзяць і пастаноўкі мінулых гадоў. Сярод іх спектаклі «Кар'ера доктара Раўса», «Мудрамер», «Сірожа», «Шлюб з ветрам».