adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Названы пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Чалавек Года культуры"

09.02.2017
Рэспубліканскі конкурс "Чалавек Года культуры" праводзіўся Міністэрствам культуры Беларусі як праект Года культуры, якім быў аб'яўлены 2016 год.

Журы назвала пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ў 14 намінацыях. Перамога ў намінацыі "Выяўленчае мастацтва" прысуджана дацэнту кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандру Фінскаму. Артыст-вакаліст (саліст), вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Юрый Гарадзецкі ўзнагароджаны ў намінацыі "Тэатральнае мастацтва". Галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец удастоены ўзнагароды ў намінацыі "Музычнае мастацтва". Артыст балета (саліст), вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў стаў пераможцам у намінацыі "Харэаграфічнае мастацтва". Журы конкурсу прысудзіла ўзнагароду ў намінацыі "Эстраднае мастацтва" артыстцы-вакалістцы (салістцы) Маладзёжнага тэатра эстрады Вользе Вронскай, а ў намінацыі "Цыркавое мастацтва" - паветранай гімнастцы Беларускага дзяржаўнага цырка Алене Чухновай. Вядомы кінарэжысёр анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алена Пяткевіч удастоена перамогі ў намінацыі "Кінавідэамастацтва". У намінацыі "Музейная справа" лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу названы генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. 

 

Галіна Слесарэнка, дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліяткі імя Каладзеева - лаўрэат намінацыі "Бібліятэчная справа", а Алег Хмялькоў, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы - намінацыі "Клубная дзейнасць". Віншаванні прымаў таксама пераможца конкурсу ў намінацыі "Народная творчасць" намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Народны майстар, дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці Марына Гушча перамагла ў намінацыі "Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва".

 Высокую ацэнку за "Педагагічную дзейнасць з творчай моладдзю" атрымаў член прэзідыума праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў прафесар народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў.

Аглядальнік БЕЛТА Жанна Катлярова стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Чалавек Года культуры" ў намінацыі "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі". Журналіст працуе ў Беларускім тэлеграфным агенцтве з 2004 года. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Чалавек Года культуры" праходзіла ў Палацы мастацтваў у Бабруйску, які прыняў статус культурнай сталіцы Беларусі 2017 года.

arrow
arrow