adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

НЕКРАЛОГ

27.03.2017

26 сакавіка 2017 года пайшоў з жыцця знакаміты майстар жывапісу, народны мастак Беларусі Май Вольфавіч Данцыг.

Май Данцыг нарадзіўся 27 красавіка 1930 года ў Мінску.  У 1947 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1958 годзе Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В.І.Сурыкава. З 1960 года з’яўляўся членам Саюза мастакоў.

Творчасць Мая Данцыга – аднаго з заснавальнікаў “суровага стылю” у беларускім жывапісу – вызначалася шырокім тэматычным і жанравым дыяпазонам. Агульнапрызнаны майстар-урбаніст, ён стварыў шэраг палотнаў, прысвечаных пасляваеннаму адраджэнню і росквіту беларускай сталіцы. Творы мастака “Мой горад, старажытны, малады” і “Мой Мінск” сталі класікай нацыянальнага мастацтва.  Творы Мая Вольфавіча, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны – “Партызанскае вяселле”, “Беларусь – маці партызанская” і іншыя, спалучаюць філасофскую глыбіню, метафарычнасць і пластычную выразнасць рэалістычнага вобраза. Беларускія краявіды на палотнах “Мая Лагойшчына”, “Веснавы вечар” і іншых уяўляюць сабой узвышана-паэтычныя вобразы роднага краю, поўныя любові да Айчыны. Напісаныя мастаком партрэты знакамітых дзеячаў культуры Э.Клімава, В.Быкава, А.Адамовіча, Б.Акуджавы і іншых уражваюць глыбінёй разумення ўнутранага свету герояў.

Мастакую творчасць М.В.Данцыг паспяхова сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ён працаваў з 1958 года.

Мастак унёс вялікі ўклад у захаванне і развіцця высокіх рэалістычных традыцый нацыянальнай школы жывапісу, выхаваў некалькі пакаленняў таленавітых людзей.

Творчая спадчына М.В.Данцыга ўваходзіць у залаты фонд нацыянальнага мастацтва. Памяць аб ім назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.

 Б.У.Святлоў, У.І.Пракапцоў, М.Р.Баразна, Р.С.Сітніца, Р.Р.Паплаўскі, Л.Дз.Шчамялёў, І.Я.Міско, У.А.Тоўсцік, Л.М.Гумілеўскі, В.П.Шаранговіч, Б.Ф.Герлаван, В.А.Грамыка, В.В.Уродніч, М.А.Апіек

arrow
arrow