Першае чытанне законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры»
Сёння ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытанні быў разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры». З дакладам выступіў Міністр культуры Анатоль Мечыслававіч Маркевіч.
Дзеючы Кодэкс аб культуры ўступіў у сілу ў лютым 2017 г. Прайшло амаль 5 гадоў з моманту яго прыняцця. За гэты перыяд з улікам практыкі прымянення Кодэкса выявіўся шэраг пытанняў, якія патрабуюць вырашэння.
Праца над удасканаленнем Кодэкса вялася больш за два гады. Свае прапановы ўносілі дзеячы культуры, творчыя саюзы, арганізацыі культуры, выканкамы. У выніку змены закранулі 109 артыкулаў.
Самыя істотныя датычацца пытанняў аховы гісторыка-культурнай спадчыны, вывазу культурных каштоўнасцей, арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
У прыватнасці, змяненні, што ўносяцца ў Кодэкс, дадуць магчымасць аператыўна вырашаць пытанні выканання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах спадчыны рэгіянальнага значэння (катэгорыя “3”).
Ад Міністэрства культуры на ўзровень выканкамаў будуць перададзены паўнамоцтвы па ўзгадненні навукова-праектнай дакументацыі і выдачы заключэнняў у адносінах да іх. Гэта закране 87 % нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей ад агульнай колькасці ўключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пры гэтым Міністэрства культуры будзе адзіным дзяржаўным органам, які мае права надаваць культурным каштоўнасцям статус гісторыка-культурных каштоўнасцей, пазбаўляць гэтага статусу, вызначаць катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Разам з тым пры вынясенні канчатковага рашэння міністэрствам будуць улічвацца меркаванні выканкамаў па кожным аб’екце.
Што датычыцца вывазу культурных каштоўнасцей, то прапануецца спрашчэнне працэдуры атрымання дазволу для вывазу тых каштоўнасцей, якія не адносяцца да гісторыка-культурных і не ўключаны ў музейныя фонды рэспублікі. Права выдачы пісьмовага паведамлення аб тым, што заключэнне на вываз не патрабуецца, будзе перададзена ад Міністэрства культуры упраўленням культуры выканкамаў. Асабліва гэта актуальна для грамадзян і арганізацый, якія знаходзяцца ў рэгіёнах.
Новаўвядзенні плануюцца ў адносінах да арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Законапраектам прапануецца, каб усім дзяржаўным арганізацыям культуры было дадзена права праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без атрымання на гэта спецыяльнага пасведчання. Чакаецца, што гэта дасць магчымасць актывізаваць гастрольную дзейнасць і палепшыць фінансавае становішча ўстаноў культуры, змякчыўшы для іх наступствы эпідэмічнай сітуацыі.