Пінск 20 снежня перадасць Лідзе эстафету культурнай сталіцы Беларусі
Пінск перадасць Лідзе эстафету культурнай сталіцы Беларусі. Урачыстая цырымонія адбудзецца 20 снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама.
У гарадскім Доме культуры ў гэты дзень будуць прэзентаваны праекты, якія ўдалося рэалізаваць у Пінску ў бягучым годзе. "Статус культурнай сталіцы мы атрымалі ў Год малой радзімы. Ёй і прысвецім свята, запрасілі на яго нашых таленавітых землякоў. Узнагародзім людзей, якія ўнеслі значны ўклад у культуру Пінска. Асаблівым момантам мерапрыемства стане цырымонія перадачы эстафеты Лідзе, якая будзе культурнай сталіцай Беларусі ў 2020 годзе", - адзначылі субяседнікі.
Таксама ў гэты дзень плануецца закласці першы памятны знак на Алеі падзей, якая размесціцца на пешаходнай вуліцы Леніна. Новы арт-аб'ект з'явіцца па ініцыятыве гарвыканкама. "Памятны знак з лагатыпам культурнай сталіцы пакладзе пачатак новай традыцыі. Напрыклад, 1 чэрвеня хочам устанавіць таблічку з надпісам, што Пінск з'яўляецца горадам, дружалюбным дзецям. Думаем над тым, каб увекавечыць адроджаны фестываль "Зоры над Пінай", - растлумачылі ў гарвыканкаме.
Паралельна Пінск рыхтуецца пераняць у Оршы эстафету маладзёжнай сталіцы рэспублікі. Гэты статус ён будзе мець у 2020 годзе. У горадзе пачалі ўжо фарміраваць план мерапрыемстваў. У яго прапануецца ўключыць рэспубліканскі маладзёжны форум, спартыўныя спаборніцтвы, выстаўку дасягненняў моладзі, розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы.