adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Праект "Кнігі Беларусі. Год 2019" адкрыецца 13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы

13.12.2019

Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 13 снежня дасць старт праекту "Кнігі Беларусі. Год 2019". Мерапрыемства адбудзецца ў выставачнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінінфарме.

Сотні выдаўцоў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, грамадскіх і рэлігійных аб'яднанняў, індывідуальных прадпрымальнікаў запрошаны на ўнікальную выставу, якая ўпершыню прадставіць кнігі, выдадзеныя ў Беларусі ў 2019 годзе. Штогод у Беларусі выдаецца каля 10 тыс. найменняў кніг і брашур. Гэты год прымножыў кніжную паліцу краіны 5 тысячамі кніг навукова-папулярнай, грамадска-палітычнай, мастацкай, дзіцячай, даведачна-энцыклапедычнай тэматыкі.

"Новы фармат кніжнай падзеі прызначаны падкрэсліць значэнне кнігі, культуры чытання, ролі кнігавыдаўцоў, аўтараў у стварэнні багажу ведаў у маладой, суверэннай беларускай дзяржаве. У час мерапрыемства прадстаўнікам кнігавыдавецкай сферы, а таксама ўсім, хто звязаны з папулярызацыяй кнігі, яе пашырэннем у грамадстве, уключаючы такую важную катэгорыю, як журналісты, будзе дадзена магчымасць ацаніць кніжны прадукт 2019 года, убачыць беларускія кнігі - пераможцы нацыянальнага і міжнародных конкурсаў, у нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з тымі, хто ўносіць свой уклад у захаванне традыцый і развіццё сучаснага нацыянальнага кнігавыдання", - расказалі ў Мінінфарме. Сімвалічным акдрыццём выставы стане прэзентацыя беларускага аўтара (яго кнігі), які па выніках аналізу інфармацыі кнігагандлюючых арганізацый, Нацыянальнай кніжнай палаты з'яўлецца найбольш папулярным у сучаснага чытача.

Другая частка мерапрыемства адбудзецца ў вялікай зале Нацыянальнай бібліятэкі з запрашэннем моладзі, якая плануе звязаць свой лёс з кнігавыданнем, кнігараспаўсюджваннем, пісьменніцтвам, з вышэйшых навучальных устаноў: філфака і журфака БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Прадстаўнікам вядучых выдавецтваў будуць уручаны дыпломы за выпуск у гэтым годзе самай вялікай колькасці выданняў па тыражах, па найменнях, за папулярызацыю беларускай мовы, выпуск кніг, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прэзентацыйных выданняў. Арганізатары мерапрыемства і выдавецтвы Беларусі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" зробяць сюрпрыз сталіцы Дня беларускага пісьменства 2020 года гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці, а ўсім прысутным - падарунак у выглядзе спектакля-мюзікла "Пясняр".

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага прысвечаны народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, дзякуючы якому беларуская паэзія і песня сталі часткай сусветнай культуры. Прагучаць песні ансамбля "Песняры", яркім дапаўненнем паслужаць экспанаты музея Мулявіна, кніга пра яго, якая карыстаецца нязменнай папулярнасцю на працягу апошніх гадоў як у Беларусі, так і за мяжой.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

arrow
arrow