Прэм’ера абноўленага спектакля “Пахавайце мяне за плінтусам” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа
27 ліпеня на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера абноўленага спектакля “Пахавайце мяне за плінтусам” па аднайменнай аповесці Паўла Санаева.
“Пахавайце мяне за плінтусам” апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева, які жыве разам з дэспатычнай бабуляй і слабахарактарным дзядулем. Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці, якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет.
Аповесць Паўла Санаева ад самага першага яе выдання ўвайшла ў спіс найвыбітнейшых расійскіх бестселераў. У сваёй кнізе аўтар стварыў неверагодна жывыя, шчымлівыя вобразы, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. Гэта аповесць, у якой неверагодна смешна і вытанчана злосна ўзнікае пародыя на саму ідэю шчаслівага маленства, тэма сталення нібыта пераварочваецца з ног на галаву і набывае абрысы сюррэалістычнага гумару. Кніга ўзарвала расійскі кніжны рынак і набыла не проста культавы, а легендарны статус. Яе тыраж склаў больш за паўмільёна экземпляраў, і сёння Павел Санаеў уваходзіць у першую дзясятку самых папулярных сучасных пісьменнікаў Расіі.
У спектаклі занятыя: Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў (Саша), Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Бабуля), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / Пятро Ламан (Дзед), Юрась Цвірка (Лёша), Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава (Мама), Генадзь Гайдук / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Толя), Святлана Жукоўская / Вольга Куляшова (Галіна Сяргееўна), Наталля Саламаха-Конанава / Святлана Сухадолава (Тоня).
Прэм’ера спектакля адбылася ў лістападзе 2013 года. Спектакль меў вялікі поспех у віцебскіх гледачоў, на гастролях і фестывалях: XXI Міжнародны тэатральны фестываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Бранск, Расія), IV Міжнародны тэатральны фестываль «Крынічнае слова» (Архангельск, Расія), XII Міжнародны тэатральны форум «Залаты Віцязь» (Масква, Расія), III Нацыянальная тэатральная прэмія (Мінск, Беларусь), VI Міжнародны фестываль камерных і монаспектакляў «LUDI» (Арол, Расія, 2016).
Працягласць спектакля – 2 гадзіны 20 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.