adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Прэс-канферэнцыя і перадпрэм'ерны паказ новай работы беларускіх аніматараў

20.06.2024

20 чэрвеня ў кінатэатры "Беларусь" адбыліся прэс-канферэнцыя і перадпрэм'ерны паказ новай работы беларускіх аніматараў - поўнаметражнага анімацыйнага фільма Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" "Мемарыяльныя комплексы Беларусі".

На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, упраўленняў і аддзелаў адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі, кінапракатных арганізацый, а таксама кіраўнiкi ўстаноў культуры Беларусі.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, карэспандэнт Яўген Пуставы, намеснік генеральнага дырэктара кінастудыі Павел Скалабан, генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства "Кінавідэапракат" Мінскага гарвыканкама Уладзімір Карачэўскі і аўтары фільма, кінарэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Наталля Касцючэнка, Таццяна Кубліцкая, Інга Карашкевіч.

У сваім выступленні К. Андрушачкін зазначыў, што Беларусь і Расія засталіся практычна адзінымі дзяржавамі на постсавецкай прасторы, дзе захавалася і развіваецца анімацыя як паўнацэнная галіна фільмавытворчасці, выказаў падзяку беларускай дзяржаве за падтрымку. Ён адзначыў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны ўзнімаецца ў беларускай анімацыі не першы раз. Але, у адрозненне ад папярэдніх работ, карціна "Мемарыяльныя комплексы Беларусі" з'яўляецца першым паўнаметражным фільмам пра вайну ў жанры анідак, які спалучае маляваныя і дакументальныя кадры.

Кінарэжысёр Наталля Касцючэнка, стваральнік кінанавелы пра мемарыяльны комплекс "Ола" распавяла, што на стварэнне фільма яе натхнілі ўспаміны мамінай сястры, якая дзіцём перажыла ваеннае ліхалецце ў тых месцах, дзе размяшчалася вёска Ола.

А для кінарэжысёра Таццяны Кубліцкай штуршком да стварэння фільма пра мемарыяльны комплекс "Прарыў" сталі гісторыя выратавання партызанамі 200 выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома і ўспаміны яе педагога ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, які ваяваў у гэтых мясцінах.

Падагульняючы сказанае, публіцыст Яўген Пуставы зазначыў, што вайна стала часткай гісторыі не толькі краіны, але і кожнай беларускай сям'і. Менавіта таму нашы фільмы пра Вялікую Айчынную вайну атрымліваюцца такімі шчырымі і праўдзівымі. Ён заклікаў удзельнікаў мерапрыемства захоўваць гэтую памяць і перадаваць яе маладому пакаленню.

Прэм'ера фільма адбудзецца 27 чэрвеня па ўсёй краіне, а "галоўны сеанс" - у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

Сваю новую работу беларускія кінематаграфісты прысвячаюць 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Чакаем усіх у кінатэатрах!







arrow
arrow