Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: бескарыслівая матчына любоў з'яўляецца арыенцірам і захавальнікам на працягу ўсяго жыцця
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчынніц з Днём маці.
"Гэта цудоўнае свята напоўнена самымі шчырымі і далікатнымі пачуццямі да тых, чыё найвялікшае пакліканне - дарыць новае жыццё, аберагаць і саграваць яго сваёй любоўю і клопатам, - гаворыцца ў віншаванні. - Радасць мацярынства - гэта ні з чым не параўнальнае шчасце, вялікая адказнасць за выхаванне годнага чалавека, грамадзяніна і патрыёта. Светлы вобраз маці надае невычэрпныя сілы, калі мы сутыкаемся з цяжкасцямі, і памнажае радасць, калі дамагаемся поспеху. Бескарыслівая матчына любоў з'яўляецца арыенцірам і захавальнікам на працягу ўсяго жыцця, вучыць любіць Радзіму, тварыць дабро, паважаць нацыянальныя традыцыі".
Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці, жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а таксама тым, хто дорыць ласку і хатнюю ўтульнасць у прыёмных сем'ях. "Схіляюся перад вялікай сілай матчыных пачуццяў і шырынёй вашай душы", - падкрэсліў беларускі лідэр.
Прэзідэнт падзякаваў усім маці за нястомную самаадданую працу і штодзённы клопат аб будучыні роднай Беларусі, а таксама пажадаў ім і іх блізкім моцнага здароўя, мірнага неба, аптымізму і дабрабыту.
Фота БелТА