Рабочая група Міністэрства культуры наведала Гомельскую вобласць
20 красавіка працоўная група Міністэрства культуры на чале з Міністрам Анатолем Маркевічам наведала Гомельскую вобласць.
Члены рабочай групы, куды апрача Кіраўніка ведамства ўваходзяць намеснікі Міністра, а таксама начальнікі структурных падраздзяленняў міністэрства, наведалі гг. Гомель, Буда-Кашалёва, Ветку, Добруш, Ельск, Жыткавічы, Жлобін, Калінкавічы, Петрыкаў, Рагачоў, Светлагорск, г.п. Лельчыцы і Акцябрскі, пабывалі ў Гомельскім раёне. Там яны правялі адзіны дзень інфармавання, прысвечаны асноўным эканамічным дасягненням першага года пяцігодкі ў кантэксце рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу, «прамую тэлефонную лінію», а таксама прыём грамадзян, ацанілі дзейнасць рэгіянальных устаноў культуры. 21 красавіка адбудзецца візіт у Рэчыцу і Мазыр.
- Эканамічнае развіццё вызначае ўзровень і якасць жыцця нашых грамадзян, - адзначыў, выступаючы перад калектывам Гомельскага дзяржаўнага цырка, Міністр культуры Анатоль Маркевіч. - Беларусь дастаткова паспяхова змагла адаптавацца да новых умоў. Вытворчасць не спынялася ні ў мінулым, ні ў гэтым годзе.
У нашай краіне працуе больш за 16 тыс. арганізацый сферы прамысловасці. Выпускаецца шырокі спектр прадукцыі - пачынаючы ад мікрасхем і да буйнагабарытнай тэхнікі. І, што вельмі важна, наша прадукцыя, нягледзячы на фактары звонку, карыстаецца попытам. Яркае таму пацвярджэнне - станоўчае сальда знешняга гандлю. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў грашовых даходах насельніцтва, якія ў рэальным выражэнні выраслі на 2% за год.
Дзякуючы прадуманай палітыцы гарантавана харчовая бяспека краіны. Узровень уласнай сельскагаспадарчай вытворчасці па асноўных відах прадукцыі перавышае патрэбнасці ўнутранага рынку, таму наша краіна экспартуе сельгаспрадукцыю і прадукты харчавання.
Нараўне з сельскай гаспадаркай мадэрнізуюцца і ствараюцца новыя вытворчасці. У прыватнасці, актыўна развіваецца новая галіна машынабудавання - электратранспарт. Развіваецца біяіндустрыя і фармацэўтыка, хімічная вытворчасць. Напрыклад, у Гомельскай вобласці ўведзена ў эксплуатацыю Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалія». У ААТ «Гродна Азот» рэалізуецца праект «Будаўніцтва азотнага комплексу», накіраваны на поўнае забеспячэнне рэспублікі азотнымі ўгнаеннямі і захаванне экспартнага патэнцыялу прадпрыемства. Як адзначыў Анатоль Мечыслававіч, на долю Беларусі прыпадае 20 працэнтаў сусветнага экспарту калійных угнаенняў.
Усе прыведзеныя прыклады сведчаць аб выверанасці тых мер, якія робіць наша дзяржава ў эканамічнай сферы. Граматна выбудаваная палітыка дае магчымасць захоўваць сацыяльныя гарантыі насельніцтву.
Анатоль Мечыслававіч закрануў і пытанні сферы культуры.
- Задачы перад культурай стаяць маштабныя, - адзначыў Міністр. - Мы бачым, што дынаміка развіцця ўстаноў культуры ў цэлым станоўчая. 2021 год прайшоў паспяхова. Галоўнае, каб сфера культуры развівалася, прымала навіны часу, але мела моцную аснову - гісторыю, спадчыну.
Пасля адзінага дня інфармавання Кіраўнік ведамства азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Гомельскага дзяржаўнага цырка, правёў асабісты прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію». Да Міністра культуры людзі звярталіся з пытаннямі развіцця безбар'ернага асяроддзя ва ўстановах культуры, падатковых ільгот для творчых саюзаў, падрыхтоўкі артыстаў цыркавога мастацтва, стварэння музея гісторыі развіцця цыркавога мастацтва і інш. Усе пытанні і прапановы будуць прапрацаваны. Заяўнікі атрымаюць адказы.
Працоўная група Міністэрства культуры выязджае ў рэгіёны краіны не радзей за адзін раз у квартал.