Рашэннем калегіі Міністэрства культуры статус ”Культурная сталіца года“ ў 2021 годзе нададзены городу Барысаў Мінскай вобласці
Рэспубліканская акцыя ”Культурная сталіца года“ праводзіцца Міністэрствам культуры з 2010 года. Першым гэта пачэснае званне меў старажытны Полацк.
Статус культурнай сталіцы краіны прысвойваецца ў мэтах прэзентацыі культурнай самабытнасці гарадоў абласнога ці раённага падпарадкавання, папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчых ініцыятыў, павышэння ўзроўню арганізацыі культурных мерапрыемстваў, стварэння праз сферу культуры ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў і рэгіёнаў, павышэння
іх турыстычнай прывабнасці.
За гады існавання рэспубліканскай акцыі на конкурснай аснове
культурнымі сталіцамі былі: Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна, Бабруйск, Наваполацк, Пінск. У 2020 годзе культурнай сталіцай Беларусі з’яўляецца горад Ліда.
Наяўнасць развiтай сацыяльна-культурнай iнфраструктуры, станоўчы вопыт арганiзацыi i правядзення культурных мерапрыемстваў, сiстэмнасць работы па даследаваннi i зберажэннi матэрыяльнай i нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай спадчыны, захаваннi i развiццi рэгiянальных адметнасцяў, а таксама наяўнасць новых культурных праектаў, запланаваных для рэалiзацыi ў рамках рэспублiканскай акцыi, дазволілі гораду Барысаў атрымаць на конкурснай аснове права стаць цэнтрам культурнага жыцця рэспублікі ў 2021 годдзе.
Горад Барысаў – буйны прамысловы і культурны цэнтр не толькі Мінскай вобласці, але і рэспублікі, мае багатую гісторыю і вялікі культурны патэнцыял. У 2020 годзе горад адсвяткуе сваё 918-годдзе. Сёння насельніцтва Барысава складае больш за 140 тысяч жыхароў.
У Барысаве захаваліся адметныя помнікі гісторыі і архітэктуры ХІ – пачатку ХХ стагоддзяў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 46 аб’ектаў, якія размешчаны на тэрыторыі Барысаўскага раёна.
Асноўныя напрамкі культурнай палітыкі рэалізуюць 17 устаноў культуры раённага падпарадкавання. Сучасным культурным цэнтрам горада Барысава і адной з вядучых культурна-асветніцкіх арганізацый Мінскай вобласці з’яўляецца Палац культуры імя М.Горкага, маштабныя рамонтныя работы ў якім былі праведзены ў 2019 годзе. Рэалізацыі творчых здольнасцей гараджан садзейнічае дзейнасць 34 клубных фарміраванняў, у тым ліку 25 для дзяцей. Барысаўскі раён мае самы высокі паказчык у Мінскай вобласці па колькасці калектываў мастацкай творчасці, якія маюць ганаровыя найменні ”народны“, ”узорны“ і званне ”заслужаны“. Барысаўская дзіцячая музычная школа мастацтваў з’яўляецца адной са старэйшых у рэспубліцы.
На 2021 год горадам Барысаў запланавана правядзенне больш
за 160 культурных мерапрыемстваў розных формаў культурна-асветніцкай работы для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва, сярод якіх святы, канцэрты, фестывалі, выстаўкі, творчыя сустрэчы, гастролі прафесійных калектываў і шмат іншага.