Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў-2022»)
Свята «Купалле» ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна як маштабны праект бярэ свой пачатак з 2010 года.
Усе купальскія мерапрыемствы праходзяць на беразе ракі Дняпро, рэчышча якой служыла калыскай культуры многіх славянскіх народаў, а водная артэрыя некалі была неад'емнай часткай вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі».
Сёння мост, побач з якім праходзіць фестываль, злучае два раёны і дзве вобласці Беларусі - Шклоўскі на Магілёўшчыне і Аршанскі на Віцебшчыне. Ён звязвае гарадскі пасёлак Копысь і Александрыю - малую радзіму Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка.
У 2022 годзе свята «Купалле» пройдзе 9-10 ліпеня. Праца пляцовак 9 ліпеня (субота) пачнецца з 11.00 і завершыцца начной дыскатэкай 10 ліпеня (нядзеля) у 03.00.
На тэрыторыі «Купальскага поля» 9 ліпеня ў перыяд з 11.00 да 24.00 будзе арганізавана работа тэматычных пляцовак:
павільёна «Будзе вельмі цікава» з рэалізацыяй мадэлей адзення прадпрыемства «Беллегпрама» (футболкі з цытатамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка);
«Зроблена ў Беларусi», на якой будзе прадстаўлена выстаўка прадукцыі ААТ «Мінскі трактарны завод» і СЗАТ «Белджы»;
«Александрыйская гасціна», якая ўяўляе сабой гандлёвыя рады з ліку прадпрыемстваў сістэмы спажыўкааперацыі;
Гандлёвая суполка - гандлёвыя рады, у якіх будуць сфарміраваны «падворкі», якія адпавядаюць назве рэгіёну Беларусі;
«Спадчына зямлі беларускай», у рамках якой размесціцца экспазіцыя, прысвечаная Году гістарычнай памяці, з арганізацыяй выставы літаратуры беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці, кніг аб гісторыі Беларусі і Магілёўшчыны. У павільёне пройдуць прэзентацыі аўтарамі Магілёўскай вобласці твораў (выданняў) у кантэксце правядзення Года гістарычнай памяці;
маладзёжнай пляцоўкі з дэманстрацыяй экспазіцый устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У рамках асноўнай тэмы свята плануецца экспазіцыя «Захоўваем традыцыі, глядзім у будучыню!», а менавіта:
дэманстрацыя традыцыйных народных рамёстваў з акцэнтам на гісторыю іх станаўлення і развіцця, якая ўключае лепшыя экспанаты дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, выкананыя ў розных тэхніках выканання з керамікі, саломкі, лазы, металу, дрэва, а таксама тэкстыльнай вытворчасці;
паказ майстар-класаў, продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці, іншай прадукцыі ў адпаведнасці з напрамкамі і профілямі ўстаноў, рэалізацыя прадуктаў харчавання ўласнай вытворчасці;
тэматычныя конкурсна-забаўляльныя мерапрыемствы, работа касцюміраваных персанажаў, латарэя, інтэрактыўныя квэст-гульні з наведвальнікамі.
Па цэнтры экспазіцыі плануецца афармленне выставы «Магілёўская вобласць у мініяцюры» з дэманстрацыяй макетаў знакавых архітэктурных аб'ектаў рэгіёну. Экскурсаводы з ліку навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі будуць знаёміць наведвальнікаў мерапрыемства з гісторыяй Магілёўскага рэгіёна;
маладзёжнага прэс-цэнтра «Александрыя-2022», арганізаванага медыяхолдынгамі «Магілёўскія ведамасці» і «Шклоў ІНФА». Маладыя журналісты рэгіянальных СМІ і блогеры будуць праводзіць прэзентацыю журналісцкіх праектаў у прэс-цэнтры, а таксама аператыўна асвятляць мерапрыемствы свята ў глабальнай сетцы інтэрнэт, весці стрымы, інтэрв'юяваць удзельнікаў і гасцей свята. Акрамя гэтага пройдуць прома-акцыі медыяхолдынгаў;
рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які арганізуецца ЦК ГА «БРСМ». На гэтай пляцоўцы таксама запланавана правядзенне спаборніцтваў па хуткаснай зборцы карт-пазлаў Рэспублікі Беларусь «Ведаю Беларусь»;
спартыўнай пляцоўкі, дзе пройдзе рэспубліканскі турнір па паўэрліфтынгу.
Абласной арганізацыяй STREET WORKOUT распрацаваны комплекс практыкаванняў для дэманстрацыі і правядзення майстар-класа для моладзі па самастойных занятках на падобных трэнажорах.
Для гледачоў запланаваны паказальныя выступленні спартсменаў і выхаванцаў цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам з магчымасцю ўдзелу ў конкурсах і гульнях на зонах актыўнасці: дзіцячая лёгкаатлетычная паласа перашкод; спартыўна-забаўляльныя конкурсы (кольцакід, хадулі, рагатка, набіванне мяча, скакалка, абручы і інш.); майстар-клас па варкаўце; турніры па валейболе, стрытболе, шашках, шахматах;
работа перасоўнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая ўключае 5 раздзелаў (пра першыя дні вайны на тэрыторыі Беларусі, партызанскі рух, юных абаронцаў Радзімы, патрыятызм работнікаў чыгуначнага транспарту і ролю ваенных фотакарэспандэнтаў у адлюстраванні гісторыі вайны ў кадрах кінастужак і фатаграфіях).
На працягу дня на базе ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна» традыцыйна будзе працаваць экспазіцыя «Малая радзіма» з наведваннем класа, у якім вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка, і выставачнага праекта «Не святыя гаршкі лепяць» (КК «Магілёўскі» абласны краязнаўчы музей імя Я.Р.Раманава»).
З 13.00 да 19.30 для гасцей свята будзе арганізавана работа тэматычнай пляцоўкі «Свята цырка» з канцэртнай праграмай «Цырк юрскага перыяду» перасоўнага цырка-шапіто «Сірыус». У праграме - вялізныя дыназаўры, экзатычныя жывёлы, паветраныя гімнасты, жанглёры, клоўны і многае іншае. Прадстаўленні пачнуцца ў 13.00, 16.00, 18.30.
З 12.00 пачне сваю працу сцэнічны подыум выставы-кірмашу «Кола жыцця»".
З 12.00 да 18.00 і з 19.00 да 20.30 на сцэнічным подыуме пройдзе канцэрт «Святкуем па-народнаму».
У 18.15 адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».
У аснове зместу работы і мастацкага афармлення выстаўкі-кірмашу «Кола жыцця» – святы беларускага народнага календара, у якіх адлюстраваны нацыянальны характар і рысы беларускага народа – гасціннасць, працавітасць, сфакусіраваны вялізны жыццёвы вопыт многіх пакаленняў.
Кожны рэгіён Рэспублікі Беларусь і г. Мінск прадставяць тэматычныя пляцоўкі з творчымі праграмамі-прэзентацыямі, якія адлюстроўваюць асаблівасці свят народнага календара: святы зімовага цыкла прадставяць Мінская вобласць, г. Мінск; вясновага - Брэсцкая, Гродзенская вобласці; летняга - Магілёўская вобласць; восеньскага - Гомельская, Віцебская вобласці.
На выставе-кірмашы сваю творчасць будуць таксама прадстаўляць больш за 500 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Рэспублікі Беларусь, а таксама - звыш 80 майстроў з краін замежжа (Рэспубліка Казахстан, Рэспубліка Таджыкістан, рэгіёны Расійскай Федэрацыі).
Работа малой канцэртнай пляцоўкі пачнецца з 12.00 канцэртнай праграмай «Сусветныя хіты. Дзеці. Новыя галасы». У канцэртнай праграме ў выкананні маладых талентаў Магілёўшчыны прагучаць найлепшыя хіты эстрадных і рокавых кампазіцый у суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Дзяніс Чарта). Гледачоў чакаюць непадробныя эмоцыі!
Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Шчаслівае лета! Дзяцінства!» пры садзейнічанні Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Для ўдзелу будуць запрошаны дзеці-сіроты, выхаванцы з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Пасля канцэрта – наведванне цыркавога прадстаўлення (на дабрачыннай аснове), тэматычных пляцовак свята «Купалле».
Далей увазе гасцей свята будуць прадстаўлены:
з 13.20 да 14.10 – канцэрт творчых калектываў абласцей і г.Мінска «Адзіная ў свеце – радзіма мая!» з удзелам аматарскіх калектываў усіх рэгіёнаў Беларусі;
з 14.10 да 14.40 - святочная праграма творчых калектываў Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. Выступленне артыстаў Палаца культуры на працягу многіх гадоў радуе гледачоў жанравай разнастайнасцю, стылістыкай, высокім выканальніцкім узроўнем і яркімі касцюмамі;
з 14.40. да 15.05 упершыню ў Александрыі будзе прадстаўлена канцэртная праграма «Віцебск фестывальны» з удзелам творчых калектываў ДУ «Цэнтр культуры г. Віцебск», якая ўяўляе сабой своеасаблівае творчае прывітанне рэспубліканскаму святу «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») ад міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»;
з 15.05 да 15.40 канцэртную праграму «Купальская легенда» выканае заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца «Медуніца» Магілёўскай абласной філармоніі. Нацыянальны каларыт, шчырасць і тэмперамент, яркае выкананне беларускіх народных і купальскіх песень парадуе гледачоў усіх узроставых катэгорый;
з 16.10 да 16.55 вакальны ансамбль «Весялуха» Магілёўскай абласной філармоніі прадставіць канцэртную праграму «Пачуйце, землякі!», падчас якой гледачы пачуюць любімыя песні землякоў у сучасным гучанні, а таксама новыя песні беларускіх, у тым ліку і магілёўскіх аўтараў.
У 17.00 адбудзецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця свята, у аснове якога знайшлі адлюстраванне фальклорныя традыцыі, абрады, святы, звычаі беларускага народнага календара. Асноўная ідэя – паказаць беражлівыя і паважлівыя адносіны беларусаў да сваіх традыцый, роду, гістарычнай памяці, да сваёй Радзімы. Адзін з эпізодаў прысвечаны 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы і Я.Коласа.
Праграму працягне паказ новых калекцый адзення беларускіх вытворцаў, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам», канцэрт майстроў сцэны Магілёўскай абласной філармоніі «Белыя крылы радзімы», дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ ім. А.М.Кулагіна, канцэрт заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Аляхно, канцэрт-караоке салістаў і калектываў Магілёўскай абласной філармоніі «Сны аб Беларусі».
У праграме канцэрта-караоке – усім вядомыя і даўно ўпадабаныя, душэўныя песні – народныя, савецкія эстрадныя, у тым ліку з рэпертуару ансамбляў «Сябры», «Песняры», «Верасы», «Самацветы», «Вясёлыя хлопцы» і інш., якія лёгка пазнаць з першага радка. Канцэрт суправаджаецца тэкставай падтрымкай, праходзіць у форме караоке, і ўсе гледачы змогуць выконваць любімыя кампазіцыі разам з выканаўцамі.
У 21.00 на галоўнай канцэртнай пляцоўцы пачнецца «Гала-канцэрт», у аснове якога музычная камедыя «Ёсць на што паглядзець!», якая спалучае ў сабе прыёмы трэвел-шоу і тэатралізаванага прадстаўлення, аб правядзенні конкурсу талентаў для ўдзелу ў свяце ў Александрыі, якіх шукаюць і знаходзяць папулярныя тэлевядучыя тэлеканала ОНТ - Максім Сокал і Дзмітрый Церахаў.
Праграма канцэрта пабудавана на відэасюжэтах пра вялікае аўтамабільнае падарожжа па Беларусі галоўнага героя, падчас якога ён шукае новыя таленты Беларусі сярод звычайных жыхароў, якія пасля паўстануць перад гледачом у якасці ўдзельнікаў тэатральнай інсцэніроўкі кастынгу.
Гумарыстычныя відэасюжэты і камедыйныя дыялогі чаргуюцца з папулярнымі песнямі ў выкананні творчых дуэтаў з удзелам зорак эстрады і артыстаў з народа, а таксама папулярных калектываў і выканаўцаў.
У фінале на сцэне будуць усе спадарожнікі галоўнага героя, таму што, як вядома, Александрыя збірае сяброў. А ўсіх сяброў аб'ядноўвае не толькі песня, але і вялізная сапраўдная любоў да краіны.
Падарункам для гасцей свята стане выступленне артысткі Алены Ваенгі (Расія).
Завершыцца «галоўны канцэрт» святочным феерверкам.
У ноч з 9 на 10 ліпеня на пляцоўцы перад малой сцэнай пройдзе танцавальная шоу-праграма «Запальвай на Купалле!».
Для зручнасці гасцей і ўдзельнікаў свята працуе сайт рэспубліканскага свята kupalle.by, дзе можна азнаёміцца з праграмай мерапрыемстваў, даведацца пра расклад руху цягнікоў і аўтобусаў для падвозу/вывазу гасцей і ўдзельнікаў свята.
Схема размяшчэння пляцовак рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)
Схема руху і паркоўкі транспарту ў перыяд правядзення свята «Купалле»