Адбыліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў г. Казані
З 16 па 20 жніўня ўпершыню адбыліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў г. Казані. Дні культуры былі насычаны падзеямі: прайшоў канцэрт майстроў мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дні беларускага кіно, выстава маладых мастакоў з Беларусі і Расіі «Песняры зямлі беларускай», адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі Я.Купалу ў музеі класіка беларускай літаратуры ў с. Печышчы і інш. У мерапрыемствах Дзён культуры з беларускага боку прымаў удзел Міністр культуры Маркевіч А.М., з расійскага - намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Фазлеева Л.Р.
Сумесна з Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй беларусаў Расіі была арганізавана сустрэча з беларускай дыяспарай у Доме дружбы народаў у г. Казані. Уручаны ўзнагароды Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пад час сустрэчы выступалі творчыя калектывы дыяспары і артысты беларускай дэлегацыі, адбылася прэзентацыя беларускіх абрадаў, нацыянальнай кухні, турыстычнага патэнцыялу краіны.
У рамках Дзён культуры праходзілі перагаворы, вынікам якіх сталі дасягнутыя дамоўленасці і падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве. Так, адбыліся перагаворы з Міністрам культуры Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Аюпавай І.Х., у ходзе якіх вызначаны асноўныя напрамкі сумеснай работы.
Прайшла сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Мініханавым Р.М., на якой Кіраўнік Татарстана падтрымаў дасягнутыя дамоўленасці. Даручана пачаць прапрацоўку пытання правядзення ў 2023 годзе Дзён культуры Татарстана ў Беларусі.
Генеральным дырэктарам Беларускай дзяржаўнай філармоніі былі праведзены перагаворы з прадстаўнікамі Усерасійскага фестывалю «Танчы і спявай, мая Расія!» аб удзеле на камерцыйнай аснове ў фестывалі ў снежні ў Дзяржаўным Крамлёўскім Палацы (г. Масква) Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі.
Акрамя таго, пры падтрымцы в.а. Кіраўніка ўрада Марый Эл быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай дзяржаўнай філармоніяй і Марыйскай дзяржаўнай філармоніяй. Таксама падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай дзяржаўнай філармоніяй і Чувашскай дзяржаўнай філармоніяй.
Дасягнуты дамоўленасці ў сферы кінематаграфіі і музейнай справы. У прыватнасці, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры Рэспублікі Татарстан «Татаркіна» і Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз кінематаграфістаў».
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з кіраўнікамі Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў і Нацыянальнага музея Татарстана.
Аб супрацоўніцтве дамовіўся расійскі Літаратурна-мемарыяльны музей А.М.Горкага і Ф.І.Шаляпіна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы правяла перагаворы з дырэктарам музея Янкі Купалы ў с. Печышчы. Чакаецца, што ў 2023 годзе ў г. Мінску пройдзе выстава, прысвечаная г. Казані.
Дасягнута яшчэ адна дамоўленасць. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» акажа дапамогу ў стварэнні цэнтра, прысвечанага ўраджэнцу Татарстана Гаўрылаву П.М. на радзіме героя ў вёсцы Альведзiна.