adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры «Аб захаванні, уліку і ўцягванні ў гаспадарчы і турыстычны абарот аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны»

28.10.2022

28 кастрычніка ў Драгічынскім раённым выканаўчым камітэце адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры «Аб захаванні, уліку і ўцягванні ў гаспадарчы і турыстычны абарот аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны».

Перад гэтым 27 і 28 кастрычніка члены калегіі, прадстаўнікі ўпраўленняў культуры выканкамаў наведалі замкі і сядзібы Гродзеншчыны і Брэстчыны (Музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага, Крэўскі замак, Гальшанскі замак, Навагрудскі замак, Каложскую царкву, Стары замак у г. Гродна, Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, капліцу-пахавальню роду Ажэшка ў складзе сядзібна-паркавага комплексу ў аг. Заказель). Менавіта ў гэтых рэгіёнах знаходзіцца найбольшая колькасць помнікаў архітэктуры, якія рэстаўруюцца ў дадзены момант.

"Помнікі гісторыі і культуры з'яўляюцца сведкамі сваіх эпох. Менавіта яны могуць расказаць маладому пакаленню пра гісторыю, абудзіць нацыянальную самасвядомасць і любоў да Радзімы. У дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаны 5636 аб'ектаў. Рэстаўрацыя і захаванне аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны рэалізуецца ў шэрагу дзяржаўных праграм. Дзякуючы фінансаванню з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва стала магчымай рэстаўрацыя буйных аб'ектаў. У гэтым годзе з фонду было выдзелена каля 3 млн рублёў", – адзначыў, адкрываючы калегію Міністэрства культуры, Міністр культуры Анатоль Маркевіч. У калегіі бралі ўдзел кіраўнікі ўпраўленняў культуры рай- і аблвыканкамаў, намеснік Міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Так, у Рэспубліцы Беларусь працягваюцца маштабныя работы на Крэўскім, Навагрудскім замках, Старым замку ў г. Гродна, былым калегіуме езуітаў у аг. Юравічы Калінкавіцкага раёна, палацава-паркавым ансамблі ў в. Свяцк Гродзенскага раёна, Спаса-Праабражэнскай царквы ў г. Полацку, Свята-Успенскім саборы ў аг. Жыровічы Слонімскага раёна, мемарыяльным комплексе «Хатынь» і іншых аб'ектах спадчыны.

За кошт выдзеленых у 2022 годзе сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва рэалізуецца праект па рамонце даху і фасадаў царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Мураванка Шчучынскага раёна, завяршаюцца рэстаўрацыйныя работы ў сядзібна-паркавым ансамблі ў аг. Залессе Смаргонскага раёна і на паўночна-усходняй аркадзе палацавага комплексу ў г.п. Ружаны Пружанскага раёна, праводзяцца кансервацыя з элементамі рэстаўрацыі ў сядзібна-паркавым ансамблі ў в. Заказель Драгічынскага раёна і супрацьаварыйныя работы ў паўночна-ўсходнім корпусе замка Сапегі ў аг. Гальшаны Ашмянскага раёна.

Па выніках 2022 года плануецца завяршэнне работ на Косаўскім палацы ў Івацэвіцкім раёне і палацава-паркавым ансамблі Булгакаў у аг. Жылічы Кіраўскага раёна.

На калегіі Міністэрства культуры было прынята рашэнне аб больш цесным узаемадзеянні з Міністэрствам спорту і турызму па пытанні ўключэння аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў турыстычнае абарачэнне.

Акрамя таго, у бліжэйшы час будзе актуалізаваны каляндар брэндавых мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе пералік найбольш яркіх падзей, месца і час іх правядзення. Гэты пералік будзе цікавы як жыхарам Беларусі, так і замежным турыстам.

arrow
arrow