adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры

25.08.2022

25 жніўня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры. На парадку дня - два пытанні. Першае прысвечана развіццю цыркавога мастацтва.

У нашай краіне працуюць два прафесійныя цыркі. Гэта добра вядомыя айчыннаму і замежнаму гледачу Беларускі дзяржаўны і Гомельскі дзяржаўны цыркі. Сваёй творчасцю таксама радуюць 47 цыркавых аматарскіх калектываў.

Асноўная задача ў развіцці творчай дзейнасці - стварэнне цыркамі нацыянальных цыркавых праграм з удзелам не менш як 50 працэнтаў беларускіх артыстаў. Яшчэ адзін стратэгічны напрамак - дасягненне з расійскімі цыркамі прамых дамоўленасцей па пракаце цыркавых праграм і нумароў.

Падрыхтоўка цыркавых артыстаў у нашай краіне пакуль не вядзецца. Кадравым рэзервам для прафесійных цыркаў з'яўляюцца былыя выхаванцы аматарскіх цыркавых калектываў. У сувязі з гэтым пастаўлена задача вывучыць вопыт выкладання ў расійскім Дзяржаўным вучылішчы цыркавога і эстраднага мастацтва імя М.М.Румянцава (Карандаша) і з улікам гэтага вопыту прапрацаваць пытанне падрыхтоўкі кадраў артыстаў цырка на базе айчыннай установы адукацыі пачынаючы ўжо з 2024/2025 гадоў. Адзначым, што сёлета ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адкрыта падрыхтоўка ў завочнай форме навучання па спецыяльнасці «Рэжысура свят (цыркавыя прадстаўленні)».

Таксама прынята рашэнне аб арганізацыі павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў прафесійных цыркаў па акцёрскім майстэрстве, харэаграфіі, рэжысёраў, гукарэжысёраў у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Інстытуце павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Павышэнне кваліфікацыі будзе арганізавана і для кіраўнікоў, рэжысёраў, рэпетытараў цыркавых нумароў аматарскіх цыркавых калектываў. Ужо ў 2023 годзе ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў будуць праходзіць заняткі з прыцягненнем пры неабходнасці спецыялістаў з Расійскай Федэрацыі.

Другое пытанне, якое разглядалася на пасяджэнні калегіі міністэрства, - стварэнне беларускай кінапрадукцыі і яе прасоўванне на айчынным і замежным рынках.

Флагманам кінавытворчасці на айчынным рынку выступае Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Цяпер на прадпрыемстве ў вытворчасці на розных этапах знаходзяцца 14 разнажанравых фільмаў. Ёсць і гатовыя работы, з якімі гледачы змогуць пазнаёміцца ​​найбліжэйшым часам. Так, да Дня беларускага пісьменства кінастудыя падрыхтавала прэм'еру анімацыйнага фільма «Класікі і шахматы» пра народных паэтаў Беларусі Янку Купалу і Якуба Коласа. Напярэдадні новага года гледачы кінатэатраў Беларусі і Расіі змогуць убачыць прэм'еру стэндап-камедыі «Аліўе». Акрамя таго, гэтыя фільмы будуць прадстаўлены на інтэрнэт-платформах Megogo, Rutube, АККА, а таксама на YouTube-канале «Беларусьфільма».

У 2022 г. значна павялічылася колькасць фільмаў беларускай вытворчасці ў кінапракаце. Доля кінасеансаў з паказам беларускіх фільмаў ад агульнай колькасці кінасеансаў у 2021 годзе склала 14%, у першым паўгоддзі 2022 года ўжо 17%. Пры гэтым у кінатэатрах краіны не толькі паказваюцца фільмы, але праходзяць сустрэчы з кінематаграфістамі, арганізоўваюцца выставы, прапануюцца майстар-класы, кінаўрокі і кіналекторыі для моладзі.

Дарэчы, на моладзь ускладаюцца асаблівыя надзеі. З 1 жніўня на базе «Беларусьфільма» пачала работу студыя маладзёжнага кіно «Смолк@». Галоўная задача - практычнае навучанне і стварэнне кіно.

Акрамя таго, для прыцягнення творчых маладых людзей у айчынны кінематограф было прынята рашэнне аб правядзенні мэтавых набораў рэжысёраў дакументальнага і мастацкага кіно для нацыянальнай кінастудыі.

arrow
arrow