Супрацоўнікі Міністэрства культуры наведалі Палац Незалежнасці
7 красавіка супрацоўнікі Міністэрства культуры наведалі адзін з галоўных сімвалаў суверэнітэту беларускай дзяржавы – Палац Незалежнасці. Гасцей вітала прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.
Цікава і эмацыйна яна расказала, як ствараўся палац, якія значныя для Беларусі і ўсяго свету падзеі тут адбываліся і адбываюцца.
Наталля Эйсмант адзначыла, што Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ганарыцца палацам у першую чаргу таму, што ў ім усё зроблена рукамі беларусаў і практычна поўнасцю з айчынных матэрыялаў.
Па традыцыі экскурсія пачалася з Залы ўрачыстых цырымоній. Менавіта тут двойчы праходзіла інаўгурацыя Прэзідэнта Беларусі. Далей гасцей чакала знакамітая на ўвесь свет Зялёная зала, дзе ў 2015 годзе праходзілі перамовы нармандскай чацвёркі па Украіне, былі выпрацаваны вядомыя ўсяму свету Мінскія пагадненні. Зала, дзе Прэзідэнт часта прымае высокіх гасцей. Зімовы сад, Музей прэзідэнцкіх падарункаў. І іншыя месцы ў Палацы Незалежнасці, многія з якіх лёгка пазнаюцца па фатаграфіях і кадрах тэлеэфіраў.
Экскурсія выклікала непадробнае захапленне ва ўсіх гасцей. Кожны адчуў дачыненне да гістарычных падзей, якія адбываюцца тут, гонар за сваю краіну.