adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Святочныя мерапрыемствы з нагоды 130-годдзя Максіма Багдановіча

09.12.2021
9 снежня 2021 года адзначаецца 130-годдзе геніяльнага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. З нагоды юбілею адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка Максіму Багдановічу ў Мінску. Удзел у мерапрыемстве ўзяў першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Грамада Валерый Іванавіч.
  
– М. Багдановіч – самы малады і самы рамантычны класік беларускай літаратуры. Яго творчы шлях складае каля дзесяці гадоў. Але кожны яго твор пранікае ў душу чалавека, – сказаў падчас урачыстай цырымоніі Валерый Іванавіч. Першы намеснік Міністра культуры адзначыў вялікую ролю, якую адыграў М. Багдановіч у справе адраджэння нацыянальнай культуры, а таксама значэнне яго творчасці ў выхаваннi сучаснага пакалення беларусаў. 

– Сённяшняе мерапрыемства з’яўляецца сведчаннем беражлівага стаўлення дзяржавы да сваёй культурнай спадчыны, – рэзюміраваў В.І. Грамада.

Пасля слова ўзялі беларускія дзеячы культуры, адбылося выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы ім. Р.Шырмы.

Сёння таксама прайшла прэзентацыя дапоўненага перавыдання кнігі «Максім Багдановіч» серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася экскурсія з цыклу вучэбна-пазнаваўчых экскурсій «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», прысвечаная М. Багдановічу. 

У Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі быў рэалізаваны праект «Усе мы разам ляцім да зор». 10 снежня там пройдзе конкурс чытальнікаў «Маладыя гады, маладыя жаданні». 

11 снежня плануецца правядзенне святочнага канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
arrow
arrow