Урачыстая цырымонія перадачы зліткаў са сплаву савецкіх манет для скульптурнай кампазіцыі «Жывая памяць удзячных пакаленняў»
30 чэрвеня ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы зліткаў са сплаву савецкіх манет для скульптурнай кампазіцыі «Жывая памяць удзячных пакаленняў». Стварэнне памятнага знака было ініцыіравана дабрачынным фондам Аляксея Талая.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў і, вядома, сам Аляксей Талай. Міністэрства культуры прадстаўляў Першы намеснік Міністра культуры Валерый Грамада.
Усенародны памятны знак «Жывая памяць удзячных пакаленняў» будзе ўсталяваны ў Мiнску, Брэсце і Маскве як даніна павагі несмяротнаму подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, што выратавалі свет ад фашызму. Памятны знак адлюстроўвае дрэва як сімвал жыцця і пераемнасці пакаленняў і размешчаны побач з ім франтавы ліст-трохкутнiк. Па выніках конкурсу эскізаў, праведзенага фондам сумесна з Міністэрствам культуры і пры ўдзеле Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, дызайн кампазіцыі распрацаваны народным мастаком Беларусі Уладзімірам Слабодчыкавым.
Акцыя па зборы савецкіх манет, што ўвойдуць у сплаў скульптурнай кампазіцыі, набыла сапраўды ўсенародны маштаб. Сваю лепту ва ўвекавечанне гераічнага подзвігу нашых продкаў уносілі прадстаўнікі розных пакаленняў.
У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны будуць захоўвацца зліткі з манет для памятнага знака ў Брэсце і Маскве (іх устаноўка запланавана ў 2023 годзе). Памятны знак у Мінску ўжо зроблены, урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца напярэдадні Дня Незалежнасці - 2 ліпеня.