Цырымонія адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі
Цырымонія адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбылася 6 чэрвеня. У маскоўскім тэатры Et Cetera быў паказаны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Паўлінка» паводле п'есы Я. Купалы. 7 чэрвеня расійскі глядач убачыў другі спектакль – «Жанiцьба» паводле п'есы М. Гогаля.
- Беларускія артысты з нецярпеннем чакалі гэту сустрэчу, - сказаў на цырымоніі адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. Ён падкрэсліў, што Дні культуры - важная падзея ў культурным дыялогу Беларусі і Расіі, дзе не патрэбны пераклад, таму што мы размаўляем на адной мове мастацтва.
- Мы цэнім Расію як сапраўднага сябра нашай краіны, - гэту заяву Анатоля Мечыслававіча публіка сустрэла апладысментамі. - Я глыбока ўпэўнены, што менавіта культура напаўняе нашу рэчаіснасць любоўю, дабром і павагай.
Перад паказам спектакля «Паўлiнка» сваёй творчасцю гледачоў радаваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні і музыкі «Шчодрыца» Мінскага гарадскога Палаца культуры. У фае маскоўскага тэатра Et Cetera працавала выстаўка «Гімн тэатру» Нацыянальнага гістарычнага музея, прысвечаная гісторыі тэатральнай культуры Беларусі.