У форце №5 Брэсцкай крэпасці адкрылася пастаянная музейная экспазіцыя
Абноўленым форт №5 турысты ўбачаць дзякуючы праекту Саюзнай дзяржавы "Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці". Спецыялісты адрэстаўрыравалі левую частку гаржавой казармы, ачысцілі сцены і фасады, замянілі вокны і дзверы, правялі інжынерныя сеткі. У гэты час творчыя і навуковыя работнікі мемарыяльнага комплексу займаліся стварэннем гістарычнай экспазіцыі.
"Пяты форт дастойнапрадоўжыць летапіс шматграннай і велічнай гісторыі Брэсцкай крэпасці. Стане яшчэ адным сімвалам памяці, павагі і глыбокага прызнання бессмяротнага подзвігу савецкага салдата, які прайшоў дарогамі ваеннага ліхалецця і здабыў Вялікую Перамогу, - сказаў на адкрыцці экспазіцыі міністр культуры Анатоль Маркевіч. - Сёння мы жывём пад чыстым і мірным небам, але заўсёды помнім пра ўрокі самай бязлітаснай вайны ў гісторыі краіны і чалавецтва".
Можна сказаць, у Брэсцкай крэпасці з'явіўся яшчэ адзін музей. Ён размясціўся ў казематах гаржавой казармы. Новая экспазіцыя займае шэсць залаў. Першая расказвае пра гісторыю фартыфікацыі на беларускіх землях. Другая прысвечана Брэсцкай крэпасці ў фартыфікацыйнай сістэме на заходніх граніцах Расійскай імперыі. У трэцяй зале можна даведацца пра мадэрнізацыю цытадэлі над Бугам у пачатку ХХ стагоддзя і будаўніцтва двух фортавых паясоў. Таксама музейшчыкі аднавілі інтэр'еры жылога каземата для ніжніх чыноў, цэйхгаўза, канцылярыі форта і ўмывальні. Частку экспазіцыі зрабілі па-за казармай: у гаржавым капаніры, цэнтральным скразніку і парахавым склепе.
Форт №5 - адзін з найбольш захаваных фартоў Брэст-Літоўскай крэпасці, знаходзіцца прыкладна за 3,5 км ад ядра мемарыяльнага комплексу. "Праводзілі рэстаўрацыю так, каб як мага менш парушыць аўтэнтычнасць форта. Напрыклад, тут знаходзіцца двухпавярховы капанір. Такіх больш няма ў Брэсцкай крэпасці, гэтым ён унікальны. Акрамя таго, гэта першы фартыфікацыйны аб'ект у Беларусі, які музеефікаваны", - заўважыў загадчык філіяла мемарыяла Аляксандр Каркатадзэ.
Рэстаўрацыя форта №5 завяршыла трохгадовую праграму мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў Брэсцкай крэпасці. За гэты час капітальна адрамантаваны дзевяць аб'ектаў, рэстаўрыраваны і адкрыты тры музейныя экспазіцыі. Бягучы год для легендарнай цытадэлі над Бугам асаблівы. У чэрвені споўніцца 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У верасні адзначаць 50-годдзе мемарыяльнага комплексу, у лістападзе - 65-годдзе Музея абароны Брэсцкай крэпасці.