У рамках праграмы традыцыйных Купалаўскіх дзён Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прэзентаваў зборнік выбраных вершаў Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на славацкай мове
Выданне – плён натхнёнай працы паэтаў-перакладчыкаў Марыяна Серваткі, Яраслава Рэзніка і Сяргея Макара. Дзякуючы іх таленту па-славацку загучала Купалава слова. Вершы “Родныя песні”, “Яшчэ прыйдзе вясна”, “З кутка жаданняў”, “Спадчына”, “Мая малітва” і іншыя выдатныя ўзоры лірыкі прарока беларускага адраджэння сталі даступныя славацкаму чытачу.
Пачынае зборнік знакаміты верш-гімн “А хто там ідзе?” – сімвал жадання і права беларусаў сцвердзіць сябе ў свеце. Кніга беларускага песняра на славацкай мове стала важным крокам на шляху развіцця і мацавання беларуска-славацкага культурнага дыялогу.
Спадар Марыян Серватка, які ў 2008–2013 гадах як Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол прадстаўляў у Беларусі сваю Бацькаўшчыну, неаднаразова падкрэсліваў важнасць і неабходнасць гэтага працэсу, які дазволіць народам бліжэй пазнаць адзін аднаго, стане трывалым падмуркам добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Славакіяй: “Нам хацелася, каб нас лепш ведалі, каб пра нас пісалі, каб мы зблізілі народы, якія маюць падобную складаную гісторыю і насуперак геаграфічнай аддаленасці маюць вельмі блізкія мовы з сотнямі аднолькавых слоў і назваў”.
Пры дзейснай падтрымцы і непасрэдным удзеле спадара Серваткі быў ажыццёўлены шэраг беларуска-славацкіх культурных праектаў, ініцыяваных Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Саюзам славацкіх пісьменнікаў, Дзяржаўнай навуковай бібліятэкай у Банскай Быстрыцы.
Купалава кніга на славацкай зямлі – каштоўны здабытак гэтага супрацоўніцтва, падарунак усім прыхільнікам беларускай паэзіі ў год 135-гадовага юбілею Янкі Купалы.