У рамках XXV міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 14 ліпеня 2016 года адбылося адкрыццё пяці выстаў, арганізаваных Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь
“Сярэдневечнае ўпрыгажэнне. Таямнічы пояс эпохі Вітаўта Вялікага” (са збору музея). Паясны набор канца 14 – пачатку 15 стагоддзя, гэтак званы “пояс Вітаўта” – унікальны помнік мастацтва тарэўтыкі вялікай гістарычнай і мастацкай каштоўнасці, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пояс экспанаваўся ў музеі “Палац вялікіх князёў літоўскіх” у рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Літве ў 2015 годзе;
выстаўка “З любоўю да Беларусі” (са збору музея) – гэта калекцыя падарункаў Кіраўніку нашай дзяржавы, ураду, беларускаму народу ад дэлегацый, кіраўнікоў замежных дзяржаў. Экспанаты выстаўкі складаюць адзін з раздзелаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, які адкрыўся ў чэрвені 2012 года;
выстаўка фотамастака Аліка Замосціна “Овощной базар”, дзякуючы тонкай назіральнасці і пачуццю гумару аўтара набывае філасофскае гучанне, а паўсядзённая “агароднінная” тэма падымаецца да ўзроўню бліскучай чалавечай камедыі;
цесная ўзаемасувязь жаночай прыгажосці і непаўторнасці беларускай прыроды – галоўная тэма арт-праекта Ірэны Гудзіеўскай “Зачараванне”. У фотасесіях, якія праходзілі ў Налібокскай пушчы, прыняло ўдзел мадэльнае агенцтва “Студыя Тамара”. Выстаўка “Зачараванне” з поспехам экспанавалася ў ЗША, Венгрыі, Літве;
выстаўка “Усё жыццё ў адным ровары” арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь сумесна з кампаніяй “ItalyMania”. Яна распавядае пра поўны вытворчы цыкл, які адбываўся непасрэдна на ровары пекарам, парыкмахерам, ветэрынарам, прадаўцом рыбы, пажарным і г.д. Веласіпеды сабраны Маўрыцыо Урбінаці, прыватным калекцыянерам з горада Рыміні (Італія).