10 снежня адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею народнай артысткі БССР Марыі Георгіеўны Захарэвіч.
З галоўнай сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы віншаванне Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі зачытаў першы намеснік Міністра культуры Валерый Іванавіч Грамада.
– Вы па праве належыце да плеяды выдатных дзеячаў айчыннай культуры, чыя творчасць прайшла выпрабаванне часам і стала эталонам прафесійнага майстэрства, – гаворыцца ў віншаванні. – Усё Ваша жыццё непарыўна звязана з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Спектаклі з Вашым удзелам заваявалі шчырую любоў і ўдзячнасць некалькіх пакаленняў гледачоў.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў Марыі Захарэвіч моцнага здароўя, вялікага творчага натхнення, шчасця і дабрабыту.
Больш за палову стагоддзя Марыя Георгіеўна Захарэвіч працуе ў Купалаўскім тэатры. Яна сыграла цэлую галерэю яркіх жаночых характараў, якія складаюць залатую старонку гісторыі тэатра.
Пасля ўрачыстага віншавання адбыўся паказ спектакля «Паўлінка», у якім у якасці вядучай узяла ўдзел Марыя Георгіеўна.