adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

У Беларусі праходзіць міжнародны навукова-практычны семінар «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў»

15.11.2022

15 лістапада ў штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у Мінску пачаў работу трохдзённы міжнародны навукова-практычны семінар «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў».

Вядучыя эксперты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана - прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-даследчых арганізацый, устаноў культуры і адукацыі - прэзентуюць унікальны вопыт па захаванні культурнай спадчыны сваіх дзяржаў ва ўмовах глабальных выклікаў сучаснасці.

Асноўнымі задачамі семінара з'яўляюцца пошук аптымальных шляхоў захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ва ўмовах глабальных выклікаў сучаснасці, пашырэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы захавання і прасоўвання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая садзейнічае падтрымцы культурнай разнастайнасці і развіццю міжкультурнага дыялога.

- Глабальныя выклікі ў сучасным свеце звязаны не толькі з палітычным і эканамічным супрацьстаяннем. Гэта тэма актуальна ў духоўнай і культурнай сферах. Беларусь, як і іншыя краіны, сутыкнулася са спробамі навязвання чужых каштоўнасцяў і ўяўных ідэалаў. Наша сумесная задача - пераадолець гэты негатыўны ўплыў. У сувязі з гэтым асабліва важная абарона традыцыйных поглядаў і маральных прынцыпаў, захаванне пераемнасці пакаленняў, маральнае выхаванне моладзі, – адзначыў, адкрываючы міжнародны семінар, Міністр культуры Анатоль Маркевіч.

У рамках падрыхтоўкі семінара выдадзены зборнік матэрыялаў, у які ўвайшлі больш за 50 артыкулаў па пытаннях аховы культурнай спадчыны ў краінах СНД, і буклет «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі», які ўключае звесткі аб нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях Беларусі.

15 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў удзельнікі семінара абмяркуюць пытанні інтэграцыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адукацыйны працэс. У гэты ж дзень у спартыўна-культурным цэнтры БДУКМ адбудзецца ўнікальны канцэрт «Традыцыі і пераемнікі» з удзелам носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з усіх рэгіёнаў Беларусі. Будуць прадстаўлены танцавальныя і песенныя нумары захавальнікаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, выступяць аўтэнтычныя калектывы «Дубравіца» з Жыткавіцкага, «Таняжанка» з Лельчыцкага, «Галасы спадчыны» з Полацкага раёнаў, вядомыя дзіцяча-юнацкія калектывы пераемнікаў традыцый «Гасцiнец» з Валожынскага, «Скарбоначка» з Шчучынскага, «Берагіня» з Барысаўскага раёнаў, а таксама творчыя калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

16 лістапада 2022 г. праца семінара працягнецца ў секцыях на базе аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Замкавы комплекс «Мір» у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. На тэрыторыі замка таксама адбудзецца прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці. Удзельнікі і госці семінара пазнаёмяцца з творчасцю народнага лялечнага тэатра «Батлейка», ансамбля «Цырынскія музыкі», рэгіянальнымі рамеснымі традыцыямі і інш.

17 лістапада 2022 г. на базе мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску пройдзе прэзентацыя выкарыстання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музейнай дзейнасці, а таксама падвядзенне вынікаў міжнароднага семінара і зацвярджэнне выніковай рэзалюцыі.

Акрамя таго, у рамках міжнароднага семінара ў г. Мінску з 12 па 20 лістапада 2022 г. на базе мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага будзе працаваць першая ў Беларусі агульнарэспубліканская выстава па нематэрыяльнай культурнай спадчыне. На выставе будуць прадстаўлены элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з усіх рэгіёнаў Беларусі.

arrow
arrow