У Беларусі праходзіць творчая стажыроўка беларусаў замежжа
З 23 па 29 кастрычніка на базе арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі праходзіць творчая стажыроўка беларусаў замежжа - кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. У стажыроўцы бяруць удзел 39 чалавек з Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, ЗША, Расійскай Федэрацыі, Эстоніі.
24 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла сустрэча беларусаў замежжа з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем Маркевічам. Адбылося ўзнагароджанне найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары, размова ў фармаце «пытанне-адказ».
«Менавіта культурная і народная дыпламатыя робіць вялікі ўнёсак у фармаванне грамадскай думкі пра дзяржаву і пра нас, беларусаў, і ў цэлым фармуе пазіцыю за мяжой. Ваша слова вельмі дорага каштуе, і аб'ектыўная, справядлівая інфармацыя вельмі важная, таму што ў нашым бушуючым ад запалу свеце шмат розных укідаў», – сказаў Анатоль Мечыслававіч падчас сустрэчы з беларусамі замежжа.
Міністр адзначыў, што госці, будучы ў Беларусі на працягу тыдня, на свае вочы змогуць убачыць усмешлівыя твары жыхароў, спакойнае і мірнае жыццё. «Усе працуюць і ствараюць, а не разбураюць, - падкрэсліў ён. – Мы заўсёды адкрыты для ўсіх, хто да нас прыязджае з добрымі думкамі і намерамі».
24 кастрычніка ўдзельнікі творчай стажыроўкі таксама наведалі Мемарыяльны комплекс «Трасцянец», дзе прайшла цырымонія ўскладання кветак, і Храм-Помнік у гонар Усіх Святых.
25 кастрычніка беларусы замежжа пабываюць у Музеі «Замкавы комплекс «Мір» і Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», якія прадставяць шырокую праграму азнаямлення з рознымі відамі народнай творчасці, майстар-класамі і музейнымі заняткамі.
26 кастрычніка на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пройдуць заняткі па беларускім вакале і харэаграфіі з прадстаўнікамі беларусаў замежжа.
27 кастрычніка беларусы замежжа наведаюць г. Лагойск і пабываюць у раённым цэнтры культуры, мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча, сядзібе «Дом паляўнічага «Расохі». Для ўдзельнікаў стажыроўкі будуць праведзены майстар-класы па народным вакале, народна-бытавым танцы, разьбе па дрэве, саломапляценні, ганчарстве, нацыянальнай кухні і інш.
28 кастрычніка ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур адбудуцца майстар-класы па народным вакале і харэаграфіі з сямейным фальклорным ансамблем «Крона», майстар-клас па пляценні паясоў. Таксама ўдзельнікі стажыроўкі прымуць удзел у праекце Наталлі Галко «Беларуская скарбонка гульняў». Завяршэннем усіх мерапрыемстваў стане падвядзенне вынікаў стажыроўкі на базе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, уручэнне ўдзельнікам сертыфікатаў і памятных падарункаў. Акрамя таго, адбудзецца сустрэча беларусаў замежжа з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандрам Румакам.
Творчыя стажыроўкі праводзяцца Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур з 2016 года і вельмі запатрабаваны прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Паглыблена вывучаюцца беларускія песні, танцы, праводзяцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вывучаюцца беларускія традыцыі для далейшай папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання беларусаў замежжа.