У Беларусі стартуюць рэгіянальныя адборы да міжнародных конкурсаў у рамках XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»
Міністэрствам культуры сумесна з дзяржаўнай установай «Цэнтр культуры «Віцебск» – Дырэкцыяй Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам вядзецца актыўная работа па правядзенні адборачных тураў да XXXII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» і ХХІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск».
З 22 лістапада 2022 г. стартуе першы этап нацыянальнага адбору да міжнародных конкурсаў у г. Магілёве (Палац культуры вобласці). Прадоўжаць эстафету рэгіянальных тураў Мінская вобласць (30.11.2022, Дзяржынскі гарадскі Дом культуры), Гомельская (08.12.2022, Гарадскі цэнтр культуры), Гродзенская (09.12.2022, Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў), Віцебская (09.12.202 Цэнтр культуры «Віцебск») і Брэсцкая вобласці (10.12.2022, Баранавіцкі гарадскі Дом культуры). Завершыцца першы этап нацыянальнага адбору 13.12.2022 у горадзе Мінску (к/з «Верхні горад»).
У адпаведнасці з умовамі конкурсу ў адборачным туры да дзіцячага музычнага конкурсу бяруць удзел выканаўцы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў уключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, якія заявілі аб сабе сваімі поспехамі ў міжнародных ці рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.
У адборачным туры да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні бяруць удзел выканаўцы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, якія заявілі аб сабе сваімі поспехамі ў міжнародных ці рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.
Для ўдзелу ў конкурсных праслухоўваннях неабходна прадставіць па дзве кампазіцыі:
удзельнікам дзіцячага музычнага конкурсу:
эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове;
эстрадную песню па выбары ўдзельніка, якая найбольш ярка адлюстроўвае яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці;
удзельнікам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні:
эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў;
папулярную кампазіцыю на замежнай мове («сусветны хіт»).
Па выніках рэгіянальных адбораў адбіраецца да 5 удзельнікаў ад кожнай вобласці і г. Мінска для ўдзелу ў другім этапе адборачных тураў.