У Міністэрстве культуры адбылася нарада па пытаннях развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне цыркавога мастацтва
25 красавіка ў Міністэрстве культуры адбылася нарада па пытаннях развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне цыркавога мастацтва.
У нарадзе прынялі ўдзел Міністр культуры Анатоль Маркевіч, начальнікі ўпраўленняў міністэрства, кіраўніцтва Беларускага і Гомельскага дзяржаўных цыркаў, начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Віталь Брэль. Расійскі бок прадстаўлялі генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі Сяргей Белякоў, супрацоўнікі і гендырэктар Вялікага Маскоўскага дзяржаўнага цырка на праспекце Вярнадскага Эдгард Запашны.
Абодва бакі выказалі зацікаўленасць у пашырэнні прамых сувязей паміж цыркамі Беларусі і Расіі на ўзаемавыгадных умовах. Выйсці на новы віток супрацоўніцтва дасць магчымасць створаная па выніках нарады камісія. Гэтай камісіяй у бліжэйшы час будзе выпрацавана дарожная карта далейшага ўзаемадзеяння.
Як адзначыў Міністр культуры Анатоль Маркевіч, беларуска-расійскія адносіны ў сферы цыркавога мастацтва павінны выходзіць на якасна новы этап. Беларускім цыркам ёсць што прапанаваць расійскаму гледачу. Творчасць расійскіх калег карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў.