У апошнюю сераду месяца школьнікі, навучэнцы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі змогуць бясплатна наведваць музеі краіны
Адпаведную дамову аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі 15 верасня падпісалі Кіраўнікі ведамстваў Анатоль Маркевіч і Андрэй Іванец у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч заўважыў, што само жыццё падказала неабходнасць такой сумеснай працы. «Сёння, абапіраючыся на гістарычныя факты, з моладдзю трэба размаўляць, паказваць гістарычную праўду і на яе аснове ісці далей. Толькі разам мы зможам пераадолець усе цяжкасці і выклікі, якія нам часам дыктуе сусветная прастора. У нас свой шлях, які прывядзе да жаданага выніку - жыць у згодзе, міры і разуменні», - сказаў Кіраўнік ведамства.
Пагадненне заключана ў мэтах патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў іх павагі да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа, умацавання маральных якасцей моладзі. Наведванне музеяў будзе ажыццяўляцца па папярэднім запісе. Дакументам таксама прадугледжана бясплатнае экскурсійнае суправаджэнне па пастаянных і часовых экспазіцыях.