adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Вынікі пасяджэння секцыі "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст" на ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

17.06.2016

Пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве падпісаны сёння паміж установамі культуры Беларусі і Расіі. Аб гэтым паведаміў, падводзячы вынікі пасяджэння секцыі "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст" на ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Нясвіжы, намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Сяргей Рыбакоў.

"Такія пагадненні з'яўляюцца вельмі важным крокам у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Гэтым мы паказваем, што супрацоўніцтва павінна будавацца не толькі на ўзроўні дзяржаў і рэгіёнаў, але і паміж канкрэтнымі ўстановамі. Напрыклад, сёння пагадненні аб узаемадзеянні падпісалі Астраханскі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны музей-запаведнік і Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Сергіевапасадскі драматычны тэатр-студыя "Тэатральны каўчэг" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Калі суб'екты гаспадарання ўзаемадзейнічаюць непасрэдна, яны заўсёды дамовяцца аб канкрэтных і практычных рэчах, атрымаюць ад узаемадзеяння максімум карысці для сябе і грамадства. Сёння мы далі старт гэтаму важнаму працэсу, і, на наш погляд, ён пойдзе па нарастаючай", - сказаў Сяргей Рыбакоў. Паводле яго слоў, работа секцыі прайшла плённа. Абмеркаваны канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемадзеяння. Прычым размова была вельмі прадметнай. У ліку закранутых тэм - роля музеяў у развіцці культурнай прасторы Беларусі і Расіі, аб'яднанне намаганняў у захаванні памяці і процідзеянні скажэнням гісторыі Другой сусветнай вайны, аб шляхах актывізацыі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне фільмавытворчасці. "У ходзе дыскусій паступіла столькі канкрэтных і вельмі цікавых ідэй і прапаноў, што мы іх вырашылі аформіць асобным пратаколам і выкарыстоўваць у далейшай рабоце па развіцці культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў сферы турызму ў Саюзнай дзяржаве", - рэзюмаваў Сяргей Рыбакоў.

Галоўнай задачай міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі з'яўляецца падтрымка любых сустрэчных ініцыятыў. Аб гэтым заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на пасяджэнні секцыі "Беларуска-расійскае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст" ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якая праходзіла у Нясвіжы.

"На сённяшнім этапе развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры галоўная задача міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі - падтрымка любых сустрэчных ініцыятыў. Мы павінны звязваць паміж сабой прапановы на самых розных узроўнях, ад самай вялікай да самай малой, для таго, каб далей ішло іх развіццё ўжо самастойна", - адзначыў Барыс Святлоў. Паводле яго слоў, у Беларусі і Расіі праходзіць апошнім часам даволі шмат мерапрыемстваў у плане культурнага абмену. Яны грунтуюцца ў тым ліку на створаным добрым нарматыўным фундаменце - паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі падпісана праграма супрацоўніцтва на 2015-2017 гады. "Але гэта пагадненне, хутчэй, канстатацыя факта, таго, што ў нас ужо было, ёсць. Цяпер, на наш погляд, неабходна больш актыўна развіваць гарызантальныя сувязі як паміж рэгіёнамі, так і паміж канкрэтнымі ўстановамі культуры", - упэўнены Барыс Святлоў. У Беларусі праводзіцца шмат цудоўных сумесных праектаў - гэта і "Славянскі базар", кінафестываль "Лістапад", музычны форум "Уладзімір Співакоў запрашае", традыцыйнымі сталі абменныя Дні культуры Беларусі і Расіі, як і мноства іншых мерапрыемстваў. "У нас актыўна развіваецца і супрацоўніцтва ў сферы кінематографа. Толькі за апошнія пяць гадоў на базе кінастудыі "Беларусьфільм" знята амаль 20 сумесных беларуска-расійскіх праектаў. Найбольш яркі - "Брэсцкая крэпасць". А цяпер мы абмяркоўваем магчымасць здымкі фільма, звязанага з дзейнасцю нашага вядомага земляка Андрэя Грамыкі, які на працягу доўгага часу працаваў міністрам замежных спраў Савецкага Саюза. Гэта тая знакавая фігура, якая павінна знайсці сваё ўвасабленне ў кінематаграфічным вобразе. І мы над гэтым цяпер працуем", - сказаў міністр культуры.

Для гасцей была арганізавана касцюміраваная экскурсія па Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" і канцэрт камернай музыкі.

arrow
arrow