Выстаўкі да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля адкрыюцца 23 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Урачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый у адзін дзень Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры назначыў невыпадкова: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль - 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка - 23 жніўня ў Таліне. Іх творчая спадчына заняла ганаровае месца ў залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры. На адкрыцці экспазіцый сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі адбудзецца гашэнне паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, і ўрачыстая перадача ў фонды музея юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай "100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля". Гасцямі мерапрыемства стануць і прадстаўнікі футбольнага клуба мінскага "Дынама", балельшчыкам якога быў Пімен Панчанка.
Пісьменнік амаль ніколі не прапускаў матчы каманды, таму балельшчыкі "Дынама" разам з клубам падрыхтавалі падарунак, які будзе прадстаўлены на выстаўцы. У мерапрыемстве прымуць таксама ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, пасольстваў Ірана, Польшчы ў Беларусі, пісьменнікі, сябры, родныя Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, паклоннікі творчасці беларускіх аўтараў.