Выстава жывапісу "Дотык" адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі
Выстава жывапісу "Дотык" Віктара Барабанцава і Леаніда Гоманава адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У экспазіцыі прадстаўлены пейзажы Беларусі, Расіі, Нарвегіі, Фінляндыі, Ізраіля, Чарнагорыі, Іспаніі і іншых краін, створаныя двума беларускімі мастакамі, а таксама партрэты вядомых людзей Беларусі - усяго больш як 50 работ.
Выстава называецца "Дотык", таму што, на думку аўтараў работ, да прыгожага нельга адносіцца груба і агрэсіўна. Яна заклікае людзей цаніць прыгажосць, берагчы мір і прыроду. "Адна з маіх работ таксама называецца "Дотык", на ёй хвалі пяшчотна дакранаюцца да берага, таксама і людзі дакранаюцца да прыроды сваім поглядам, а глядач - да нашых твораў. Менавіта пяшчотнае дакрананне да ўсяго павінна быць у нашым жыцці. Выстава атрымалася пазітыўнай", - падкрэсліў Леанід Гоманаў.
Віктар Барабанцаў паказаў на выставе каля 30 карцін - у асноўным партрэты і пейзажы, некалькі складаных нацюрмортаў, створаных за апошняе дзесяцігоддзе. "У гэтым годзе я напісаў гомельскія карціны, раней - Генадзя Аўсяннікава, Мікалая Кірычэнку, - сказаў аўтар. - Наша выстава сумесная, таму што пейзажы заўсёды лепш выглядаюць з партрэтамі".
"У экспазіцыю ўвайшлі цікавыя творы падарожжаў, пленэраў, творчых пошукаў, - адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька. - У мінулым годзе нашы фонды папоўніліся некаторымі творамі Віктара Барабанцава, якія будуць прадстаўлены ўжо ў новым будынку музея, узвядзенне якога пачнецца ў наступным годзе. Гістарычны музей супрацоўнічае з творцамі, графікамі, жывапісцамі, скульптарамі, і мы радуемся кожнай выставе".
Экспазіцыя будзе працаваць па 18 жніўня.
Віктар Барабанцаў - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гомелі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
Леанід Гоманаў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. У 1974 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава, у 1991 годзе - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З'яўляецца членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва (Масква).