adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017", які пройдзе 2-3 чэрвеня, будзе прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння двух класікаў беларускай літаратуры - Янкі Купалы і Якуба Коласа

17.05.2017
Адметнай рысай форуму стане тое, што большасць яго праграм, канцэртаў, спектакляў, літаратурных мерапрыемстваў на беларускай мове, а выступленні артыстаў праходзяць пад акампанемент аркестра. Пры гэтым сам фестываль мае статус нацыянальнага.

"Фестываль будзе прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння двух класікаў беларускай літаратуры - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тэмай іх творчасці будуць прасякнуты ўсе мерапрыемствы", - расказала першы намеснік міністра І.Дрыга. Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні адкрые фестываль. 2 чэрвеня пройдуць адразу два туры: першы - выкананне песень пад фанаграму "-1", другі тур - выкананне кампазіцый у суправаджэнні аркестра. Першы тур пройдзе на сцэне Палаца культуры горада Маладзечна, другі - на сцэне Летняга амфітэатра. Вечарам 2 чэрвеня будуць падведзены вынікі конкурсу выканаўцаў, ім уручаць узнагароды, а таксама адбудзецца прэм'ера праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра з сімвалічнай назвай "Купала i Колас, вы нас гадавалі". "Гэта будуць як вядомыя нам кампазіцыі, так і новыя творы беларускіх кампазітараў на вершы класікаў, якія прагучаць у выкананні салістаў аркестра", - заўважыла Ірына Дрыга. Насычанай абяцае быць і праграма другога дня форуму ў Маладзечне. У прыватнасці, пройдуць канцэрт акадэмічнай беларускай музыкі і канцэрт ансамбля "Сябры", прымеркаваны да 45-годдзя гэтага папулярнага калектыву. Акрамя таго, будзе працаваць выстаўка з фондаў літаратурных музеяў краіны, на сцэне Палаца культуры гледачам пакажуць спектакль "Паўлінка", які спецыяльна прывязе Купалаўскі тэатр. Традыцыйна будзе арганізавана паэтычная гасціная, якая праводзіцца сумесна з тэлеканалам "Беларусь 3", Мінкультуры, Саюзам пісьменнікаў і іншымі ўдзельнікамі форуму. Запланаваны дзіцячы канцэрт "Маладзічок запальвае зоркі". Таксама каля Палаца культуры будзе працаваць паэтычная пляцоўка "Чытаем Купалу i Коласа разам". Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг у сваю чаргу звярнуў увагу на важнасць і высокі статус фестывалю ў Маладзечне. Ён расказаў, што адбылася рэпетыцыя канцэртнай праграмы, заснаванай на творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы. "Наша краіна можа ганарыцца гэтымі творамі", - перакананы маэстра. Ён запэўніў, што да правядзення фестывалю ў Маладзечне ўсё гатова. На думку Міхаіла Фінберга, узровень гэтага форуму вельмі высокі, ён дапамагае штогод адкрываць у музыцы новыя імёны. Пры гэтым усе выступленні з аркестрам арганізаваны ўжывую.

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне - адзін з найбольш значных для краіны, ён вызначае культурную прастору сучаснай Беларусі. Праводзіцца з 1993 года. Галоўная ідэя фестывалю - далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей, папулярызацыя роднай мовы і твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, адкрыццё новых імён.-
arrow
arrow