XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіi ”Маладзечна – 2022” адбудзецца 10 і 11 чэрвеня
Сёння адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камiтэта па правядзенні XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песнi і паэзіi “Маладзечна – 2022”. Упершыню фестываль пройдзе без ідэйнага натхняльніка і нязменнага ўдзельніка, дырэктара-мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
– Планка зададзена вельмі высокая, знізіць узровень правядзення
мерапрыемства мы не маем права. Таму, захаваўшы добрыя традыцыі яго правядзення, мы павінны напоўніць іх новым зместам і прапанаваць у праграму новыя мерыпрыемствы для розных катэгорый гледачоў – ад самых маленькіх да асоб сталага ўзросту, – адкрываючы пасяджэнне, адзначыў Міністр культуры Анатолій Маркевіч. – Справа гонару для кожнага з нас – правесці фестываль так, каб не знізіць ягоную творчую планку і годна ўшанаваць памяць аб вялікім Маэстра.
XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіi ”Маладзечна – 2022” будзе праходзіць на працягу двух дзён – 10 і 11 чэрвеня. Фестываль насычаны мерапрыемствамі. Цэнтральнай падзеяй стане Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Па выніках рэгіянальных і абласных этапаў у другім і трэцім турах падчас фестывалю возьме ўдзел 21 канкурсант з ліку лепшых маладых выканаўцаў з усіх абласцей рэспублікі і сталіцы.
Акрамя канцэртаў, прысвечаных урачыстаму адкрыццю і закрыццю фестывалю, плануецца правядзенне канцэртаў “Музыка беларускіх кампазітараў-майстраў мастацтва – пакаленню XXI стагоддзя”, “Джазавы калейдаскоп”. Навінкай гэтага года стане творчы праект “Сустрэча ў раяля. Беларускі раманс” з удзелам беларускіх кампазітараў, артыстаў Вялікага тэатра Беларусі.
Падчас фестывалю будуць працаваць выстаўкі, праходзіць сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, спектаклі і шмат іншых мерапрыемстваў.
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіi ”Маладзечна” – адзін з буйнейшых творчых форумаў. Упершыню ён прайшоў у 1993 годзе. Сёлета фестываль будзе прысвечаны Году гістарычнай памяці, 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і, безумоўна, 75-годдзю народнага артыста Беларусі М.Я. Фінберга.
Арганізатарамі фестывалю “Маладзечна-2022” выступаюць Міністэрства культуры, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Палац культуры Маладзечна, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.