140 год з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы
7 ліпеня спаўняецца 140 год з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З гэтай нагоды праходзяць урачыстыя мерапрыемствы.
Так, ля помніка Песняру ў Мінску сабраліся аматары яго творчасці, прадстаўнікі грамадскасці, афіцыйныя асобы. Віншавальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь агучыў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. Віншаванні таксама гучалі ад Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча, Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.
– Творчасць Янкі Купалы – гэта сапраўдная энцыклапедыя жыцця беларускага народа. Яго творы – гэта ўзор сусветнай літаратуры, якую добра ведаюць і паважаюць ва ўсім свеце, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніi Мiнiстр культуры Анатолiй Маркевiч. – Аддаючыся паэзіі, Янка Купала заўсёды марыў, каб яго творы былі зразумелымi для беларусаў, якія б атрымлівалі асалоду ад роднай беларускай мовы, шанавалі вялікую гісторыю і спадчыну роднай зямлі. Ганарыліся тым, што маюць магчымасць беларусамі звацца.
– У Год гістарычнай памяці ў дзень нараджэння паэта мы аддаём даніну павагі і ўдзячнасці слыннаму земляку. Мы заўсёды будзем адносіцца да Янкі Купалы як да чалавека, які аддаваў бясконцую любоў свайму народу, сваёй Радзіме, якая з гонарам называецца Рэспубліка Беларусь, – рэзюмiраваў Мiнicтр культуры.
Цудоўным завяршэннем свята стала песня “Спадчына” на словы Янкі Купалы ў выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, Музычнай капэлы “Санорус” і дзіцячых калектываў.
Пасля намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, Міністр культуры Анатолій Маркевіч наведалі месца вечнага спачыну Янкі Купалы, каб аддаць данiну памяцi Песняру беларускай зямлi. Прах класіка айчыннай літаратуры перазахаваны на Вайсковых могілках у г. Мінску.
Акрамя таго, сёння на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца творчы вечар, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
З 24 чэрвеня ў краіне праходзяць традыцыйныя Купалаўскія дні, якія ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Сёлета яны праводзяцца асабліва ўрачыста.