140-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа
На плошчы яго iмя ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка народнаму паэту. Дарослыя і дзеці – усе ў адзіным парыве аддалі даніну памяці і павагі Песняру беларускай зямлі. Напярэдадні самой цырымоніі гучалі вершы, песні на словы Якуба Коласа – як запавет, як бацькоўскі наказ, як парада. Сваёй надзённасці, глыбіні яны не губляюць і сёння.
“Жыццё Якуба Коласа – гэта яркая старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч плённа працаваў на ніве нацыянальнай культуры, паслядоўна і мэтанакіравана змагаўся за адраджэнне свайго краю, каб беларусы не зведалі таго часу, калі безыменным быў край і народ не ведаў свайго імя, – адзначыў падчас цырымоніі ўскладання кветак да помніка народнаму паэту Міністр культуры Анатолій Маркевіч. – І сёння зычнае слова класіка гучыць у шматлікіх краінах свету, а яго творы перакладзены на больш чым сорак замежных моў. Няхай і надалей творы Якуба Коласа натхняюць нас на пабудову моцнай і квітнеючай дзяржавы, распавядаюць аб прыгажосці беларускай зямлі”.
3 лiстапада на малой радзіме Якуба Коласа ў г. Стоўбцы ўрачыста адкрыты помнік народнаму паэту. Пясняр беларускай зямлi адлюстраваны седзячым на арцы, якая ўпрыгожана каласкамі і лістамі любімага Коласавага дрэва – дуба. На ёй – знаёмыя ўсім з дзяцінства радкі “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!”. У руках класік трымае рукапісы ўласных вершаў. Помнік выкананы групай беларускіх скульптараў на чале з народным мастаком Беларусі Іванам Міско. У склад творчай групы таксама ўвайшлі беларускія скульптары Сяргей Логвін і Уладзімір Піпін.
Таксама 3 лiстапада у мемарыяльных сядзібах філіяла “Мікалаеўшчына” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне адбылося літаратурна-музычнае свята “Такі ўжо звычай беларускі…”. Прайшла інсцэніроўка ўрыўкаў з твораў Якуба Коласа, мастацкае чытанне вершаў класіка, выступленні ўзорных ансамбляў народнай песні, выстаўка-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, частаванне беларускімі прысмакамі.
Увечары Беларуская дзяржаўная філармонія запрашае на святочны канцэрт з удзелам вядучых мастацкіх калектываў і выканаўцаў рэспублікі.
4 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа праводзіць XXXVI навуковую канферэнцыю “Каласавіны-2022”, у якой прымуць удзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сталічных і абласных устаноў вышэйшай адукацыі, музеяў і архіваў.
У другой палове дня ў доме-музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Інскрыпты Якуба Коласа”, на святочным вечары “Да сонца коласам узняцца…” прагучаць вершы і песні на словы Якуба Коласа ў выкананні артыстаў народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.