Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Дзень памяці Якуба Коласа
Я хворы. Спяшаецца сэрца
Адстукаць свой пай.
Зачыняцца ў свет мае дзверцы,
Якубе, зважай!
Прыпамятай, покі не позна,
Ці ўсё ты зрабіў…
Якуб Колас
65 гадоў таму, 13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця слынны майстар мастацкага слова, народны паэт Беларусі Якуб Колас. Талент беларускага песняра выключны і фенаменальны, і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам, а вось адданасць пісьменніка свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. Якуб Колас быў для беларусаў усім: народным песняром і геніем сусветнага маштабу, гордасцю нацыі і найвышэйшым аўтарытэтам.
У дзень пахавання на развітанне з Якубам Коласам на сталічную Цэнтральную плошчу (сёння – Кастрычніцкая) прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Жалобная працэсія рухалася ад плошчы да вуліцы Даўгабродскай, на Вайсковыя могілкі, дзе было вызначана месца апошняга спачыну народнага паэта Беларусі.
Аднойчы Канстанцін Міхайлавіч напісаў у сваім дзённіку: “Хацелася б запісаць усё, чым жывеш, што думаеш, што збіраешся зрабіць. Але гэта марны замах. Усяго не запішаш. Можа, было б добра мець стэнаграфіста, які адзначыў бы ўсе думкі, усе пачуцці і рухі дущы... У тлуме ўсіх гэтых разважанняў першае месца займае старасць. Як ты ні «хорохорься», а ты адчытаны чалавек [...] Стой, брат, падумай: а можа, гэта і не так, можа, ты яшчэ здолен на нешта патрэбнае людзям”.
І сапраўды, жыццё народнага паэта стала ўзорам і прыкладам для ўсіх, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў. Класік нацыянальнай і суветнай літаратур, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту.
13 жніўня, у дзень памяці паэта, музей Якуба Коласа запрашае на часовую экспазіцыю “Я часовы вандроўнік…”, дзякуючы якой вы зможаце бліжэй пазнаёміцца з асобай Песняра праз яго нетрывіальныя фотаздымкі і рэчы з асабістага гардэроба класіка. У 13.20 (менавіта ў гэты час спынілася сэрца паэта) урачыстай хвілінай маўчання пачнецца экскурсія ў апошні дзень паэта “Спяшаецца сэрца адстукаць свой пай…” . А ў 14.00 адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Якуба Коласа на Вайсковых могілках г. Мінска.
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, ул. Акадэмічная, 5.
www.kolasmuseum.by;
e-mail: info@kolasmuseum.by