adress г.Минск, 220004, пр. Победителей, 11

Министерство культуры Республики Беларусь

“Культурнай сталіцай” 2017 года стане горад Бабруйск

20.05.2016
Горад Бабруйск - адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, буйны прамысловы і культурны цэнтр, які адрозніваецца зручным геаграфічным становішчам, развітай інфраструктурай. У 2017 годзе Бабруйск адзначыць сваё 630-годдзе. У горадзе пражывае больш за 219 тысяч чалавек. Старажытнае паселішча чалавека на месцы сучаснага горада існавала ўжо ў канцы III – II-м тысячагоддзі да н.э. Першая пісьмовая згадка пра Бабруйск адносіцца да 1387 года. У 16 – 18 стагоддзях горад актыўна развіваўся; у 1793 – увайшоў у склад Расійскай імперыі, а ў 1796 г. атрымаў уласны герб з выявай карабельных мачтаў. Сімволіка герба цесна звязана з будаўніцтвам флота на Чорным і Балтыйскім марах, куды з Бабруйшчыны пастаўляўся мачтавы лес. У 1811 г. пабудавана Бабруйская крэпасць – першакласнае ваеннае ўмацаванне 19 стагоддзя. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху ў Расіі. Менавіта тут у 1823 г. быў распрацаваны план узброенага паўстання. Будаўніцтва крэпасці, Маскоўска-Варшаўскай шашы (1848 г.), Лібава-Роменскай чыгункі (1873 г.) спрыялі эканамічнаму ўздыму горада, прытоку капіталу і павелічэнню насельніцтва. Бабруйск упрыгожвалі культавыя збудаванні: праваслаўны сабор, каталіцкі касцёл і яўрэйскія сінангогі. Бабруйск быў вядомы як буйны выдавецкі цэнтр (друкаваліся 4 газеты). У 1898 г. у бабруйскай бундаўскай друкарні быў надрукаваны Маніфест I з’езда РСДРП. Бабруйск не абмінулі падзеі Першай і Другой сусветных войнаў. У гонар герояў усталяваны мемарыялы, помнікі, стэлы. Бабруйск сёння – буйны індустрыяльны горад, які дынамічна развіваецца і падтрымлівае дзелавыя, сяброўскія і культурныя сувязі з шэрагам краін свету. Прамысловасць горада прадстаўлена дзясяткам прадпрыемстваў розных галін. Працуюць установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 28 лячэбных і 12 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, Лядовы палац, 2 басейны, установы аховы здароўя, санаторыі, гасцініцы. Далучэнню бабруйчан да нацыянальнай культуры, гістарычнай спадчыны, развіццю мастацкай аматарскай творчасці спрыяе цэлая сетка ўстаноў культуры. У горадзе плённа працуе Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. 7 масавых і 4 дзіцячыя бібліятэкі гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы камп’ютарызаваны (86 камп’ютараў) і падключаны да сеткі Інтэрнэт. Бабруйскі краязнаўчы музей, заснаваны ў 1924 г., штогод яго наведвае больш за 40 тысяч чалавек. Актыўна працуе парк культуры і адпачынку. Вялікую працу па эстэтычным выхаванні праводзіць Бабруйскі мастацкі музей. У 3 клубных установах працуюць 92 фарміраванні, у якiх займаюцца амаль 3 000 удзельнікаў. 73 калектывы маюць ганаровыя найменні “народны” і “ўзорны”, 7 – званне “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Традыцыйным стала правядзенне ў горадзе міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”, ў якім ужо ўдзельнічалі прадстаўнікі 38 краін. Працуе 3 дзіцячыя школы мастацтваў з кантынгентам 1 849 чалавек, якія навучаюцца на 23 аддзяленнях. Сярод выхадцаў горада нямала дзеячаў навукі, культуры, якія ўславілі свой горад далёка за яго межамі: М.В.Азбукін – географ, краязнаўца, аўтар падручнікаў па геаграфіі для школьнікаў і студэнтаў, І.Б.Школьнікаў – удзельнік экспедыцый у Арктыцы, гідрограф; М.А.Плавельскі – легендарны ваенны лётчык, І.Д.Ягораў – былы супрацоўнік цэнтра касмічных палётаў, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, філосаф, пісьменнік; Г.Б.Давыдзька – старшыня Белтэлерадыёкампаніі, заслужаны артыст Беларусі, вядомыя пісьменнікі: В.I.Дунін-Марцінкевіч, П.Галавач, М.Аўрамчык, Б.Мікуліч, Л.Коваль, М.Герчык, Э.Севела, С.Шульман, А.Рабкін, вядомыя мастакі: А.І.Рабкін, І.А.Давідовіч, Л.М.Марчанка, У.А.Дамарад, Э.А.Белагураў, Г.Г.Паплаўскі, Л.П.Асецкі, У.М.Рубцоў, А.А.Концуб, В.А.Калтыгін, вядомыя музыканты і спевакі: У.У.Алоўнікаў, Л.Гарэлік, С.Асновіч, Я.Раскін, В.Сярых. Сёння на эстрадных пляцоўках Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа гучаць імёны бабруйчан – Руслана Аляхно, Шуры Умана (гурт “БИ-2”), Наталлі Мядзведзевай, Яўгена Булкі, Алесі.
arrow
arrow