Мова матчына, родная мова
Простая, але такая мілагучная беларуская мова аб’ядноўвае шмат людзей ва ўсім свеце. Яна жыве і развіваецца, гучыць у самых розных краінах свету ў многім дзякуючы этнічным беларусам. Многіх лёс раскідаў па ўсім свеце: жывуць далёка за межамі роднай краіны, але ніколі не забывалі і не забываюць сваю Беларусь. Яны не толькі не губляюць сувязь з малой радзімай, але прыкладаюць шмат намаганняў для таго, каб пра нашу «сінявокую», яе багатую гісторыю і культуру ведала як мага больш людзей.
Літаратурны анлайн-праект культурна-асветніцкай асацыяцыі беларусаў у Іарданіі пад назвай «І сцерці памяць час ніколі не павінен: чытаем па-беларуску», прысвечаны 76-годдзю Вялікай Перамогі, стаў перадумовай узнікнення і далейшага развіцця культурных сувязяў паміж беларусамі, якія жывуць у арабскай краіне Іарданіі і іх суачыннікамі з Беларусі. Дзейнічае гэты праект ужо другі год і заваяваў папулярнасць не толькі сярод беларусаў. Сёлета самы актыўны ўдзел у анлайн-праекце прынялі нашы таленавітыя землякі – як дарослыя, так і дзеці: супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, выхаванцы і навучэнцы. Беларусы з арабскай краіны былі настолькі прыемна ўражаны актыўнасцю клічаўлян-ўдзельнікаў, што вырашылі абавязкова пабываць у нашым горадзе, каб пазнаёміцца з удзельнікамі праекту, уручыць ім дыпломы і памятныя сувеніры. Так, у планах іх чарговай паездкі ў Беларусь з’явіўся невялікі населены пункт Магілёўшчыны – Клічаў.
Актывісты культурна-асветніцкага аб’яднання беларусаў ў Іарданіі, сярод якіх не толькі этнічныя беларусы, але і людзі, для якіх наша краіна стала дарагой і блізкай у гады вучобы, прыехалі у Клічаў у першай палове дня. Па добрай традыцыі сустрэлі гасцей гасцінна – як трэба, пастараліся не толькі расказаць пра наш раён і людзей, але і паказаць як мага больш.
Дэлегацыя з Іарданіі пабывала ў раённым Доме культуры, дзіцячай школе мастацтваў горада Клічава, раённым Доме рамёстваў, Клічаўскім краязнаўчым музеі. Кіраўнікі гэтых устаноў правялі цікавыя і пазнавальныя экскурсіі, расказалі пра дзейнасць і творчыя дасягненні супрацоўнікаў, педагогаў і выхаванцаў, адказалі на шматлікія пытанні суайчыннікаў з Іарданіі, што датычыліся гісторыі ўзнікненя населенага пункта, даўнейшых звычаяў і рамёстваў, гераічнай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сцягі Іарданіі ў Клічаве
Прыемная місія ўручэння дыпломаў адбылася ў выставачнай зале краязнаўчага музея. Актывісткі культурна-асветніцкага аб’яднання беларусаў у Іарданіі шчыра падзякавалі нашым землякам – удзельнікам праекту, выказалі спадзяванні на далейшае супрацоўніцтва, меркаванні пра тое, што ўзаемаадносіны, якія пачаліся ў час праекту, будуць працягвацца.
Завяршаючым акордам наведвання Клічаўшчыны дэлегацыяй з Іарданіі стала падпісанне пагаднення аб культурным супрацоўніцтве. Гэты важны дакумент падпісаны ў раённым Доме культуры. У прысутнасці ўсіх удзельнікаў дэлегацыі з Іарданіі і нашых землякоў пагадненне падпісалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уладзімір ВААКС і актывістка культурна-асветніцкага аб’яднання беларусаў у Іарданіі Аксана ЧАПУРКА. Ад імя гасцей з Іарданіі яна падзякавала клічаўлянам за цёплы прыём, шмат цудоўных, яскравых, незабыўных эмоцый.
– Мы тут адчулі вялікую падтрымку нашых ідэй, сустрэлі аднадумцаў, адчулі цеплыню, павагу і вашу дабрыню. Дзякуй вялікі, спадзяёмся, што будзем сустракацца як мага частей! – выказала сваю думку Аксана Чапурка.
Пасля падпісання пагаднення абодва бакі абмяняліся памятнымі падарункамі. Такім чынам, у Клічаве з’явіліся не толькі маленькія, але і вялікі сцяг Іарданіі, а у Іарданію паедуць цудоўныя вырабы нашых рамеснікаў, якія будуць добрым успамінам пра сустрэчу ў Клічаве.