«Мы не развітваемся, мы гаворым: «Да новых сустрэч на маштабным музычным форуме «Маладзечна–2023»
У Летнім амфітэатры г. Маладзечна прайшоў гала–канцэрт закрыцця «Настальгічны дывертысмент» ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2022» у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча (галоўны дырыжор – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко).
Жыхары і госці горада змаглі атрымаць асалоду ад канцэрта з удзелам легендаў беларускай эстрады, артыстаў, сучасных маладых выканаўцаў. Пачуць і праспяваць любімыя хіты гледачы змаглі разам з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Аляксандрам Саладухай, Аленай Ланской, Уладзіславам Місевічам, заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем «Сябры», Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры», групай «Аура», ансамблем «Чараўніцы», пераможцам шоу «Х–Фактар. Беларусь» Андрэем Панісавым і іншымі.
У закрыцці ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2022» узяў удзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. Ён уручыў Падзяку Прэм’ер–міністра краіны за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва артысту Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча дырыжору канцэрта «Настальгічны дывертысмент» Аляксандру Крамко.
За плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага эстраднага мастацтва ўзнагароджаны нагруднымі знакамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга Брылон (лектар, музыказнаўца аркестра імя Іосіфа Жыновіча, аўтар кнігі «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент») і Марына Мулявіна (генеральны прадзюсар выдання «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент»).
– Паважаныя ўдзельнікі фестывалю, дарагія жыхары і госці славутага горада Маладзечна, – адзначыў Міністр культуры Анатолій Маркевіч падчас заключнага гала–канцэрта фестывалю. – Сыходзіць у гісторыю XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які стаў сапраўдным святам і яркай падзеяй для нашай краіны. Мы ўдзячныя ўсім, хто на працягу гэтых дзён дарыў добры настрой і выклікаў непадробныя эмоцыі гледачоў. Асаблівыя словы ўдзячнасці і падзякі вам, паважаныя маладзечанцы, за вашу гасціннасць, душэўную цеплыню. Падводзячы вынікі XXI Нацыянальнага фестывалю, мы не развітваемся, мы гаворым да новых сустрэч на маштабным музычным форуме «Маладзечна–2023».
ХХI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2022» праходзіў з 10 па 11 чэрвеня ў Маладзечна. Другі дзень фестывалю, як і першы, быў насычаны на мерапрыемствы. Адбылася прэм’ера канцэрта акадэмічнай музыкі «Беларускія музычныя скарбы: другое нараджэнне» струннага аркестра Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» ў канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.
У галерэi цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча прайшла прэзентацыя Рэспубліканскага мастацка–патрыятычнага праекта «Бачу Беларусь такой» і фотапаэтычных кніг «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма» і «Навасады: малая Радзіма».
У Палацы культуры адбылася сустрэча маладых спецыялiстаў сферы культуры з розных рэгіёнаў нашай Беларусi з Мiнiстрам культуры Анатолiем Маркевiчам, намеснікам старшынi Мiнскага аблвыканкама Iванам Маркевiчам, старшынёй Маладзечанскага райвыканкама Юрыем Горлавым.
Акрамя таго, госці фестывальнага Маладзечна змаглі сустрэцца з аўтарскай групай праекта «Наперад у мінулае» з нагоды 10–годдзя праекта, пабываць на выставе фотаздымкаў аўтараў праекта «Жывая спадчына». Работы зроблены падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі у спіс нематэрыяльных гісторыка–культурных каштоўнасцяў Беларусі.
У Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» прайшоў спектакль «Шлях да Бэтлеему», у канцэртнай зале Палаца культуры – спектакль «Чорная Панна Нясвіжа» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Падрабязней аб мерапрыемствах фестывалю чытайце ў тэлеграм–канале Міністэрства культуры пад хэштегам #Маладзечна–2022, а таксама на сайце міністэрства.
Фота Аляксея Плотка, «Маладзечанская газета»