Закрыццё акцыі “Брэст – культурная сталіца 2015 года”
20.05.2016
18 снежня ў Брэсце ў абласным Палацы культуры федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адбудзецца ўрачыстае закрыццё рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі - 2015”.
2015 год пачаўся для Брэста знамянальнай падзеяй: уручэннем калектыву Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Запамінальнай падзеяй для берасцейцаў і гасцей горада стала таксама і Свята горада – яркае, маляўнічае, шматлюднае, адзначанае сапраўды на сталічным узроўні.
Увогуле горад Брэст у статусе “Культурнай сталіцы” наведалі дзясяткі тысяч жыхароў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа, якія адзначылі насычанасць культурнага жыцця Брэста, шырокую палітру мастацкіх падзей: фестываляў, канцэртаў, конкурсаў, выставак, пленэраў, дабрачынных акцый, народных святаў – усяго каля 200 адметных мерапрыемстваў.
Акцыя «Культурная сталіца Беларусі» стартавала ў 2010 годзе. Яе мэта – зрабіць больш даступнымі лепшыя дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх куткоў рэспублікі. У розныя часы званне “культурнай сталіцы” атрымалі культуры атрымалі Полоцк, Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна і Брэст.
Ад Брэста эстафету ў 2016 годзе прыме Маладзечна – горад, які вылучаецца цікавай гісторыяй і багатымі культурнымі традыцыямі.
Штогод у горадзе праводзяцца буйныя міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя культурныя акцыі. З 1993 года Маладзечна з’яўляецца месцам правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі; тут праводзіцца рэгіянальны фестываль маладых выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”, міжнародныя і рэспубліканскія турніры па спартыўных танцах “Кубак Маладзечна” і многія іншыя.
Упрыгожваюць горад Палац культуры і летні амфітэатр. На гэтых пляцоўках праводзіцца да 500 розных мерапрыемстваў у год.