adress г.Минск, 220004, пр. Победителей, 11

Министерство культуры Республики Беларусь

Напісанае – застаецца!

23.12.2021
Дарагія сябры!

Газета “Культура” шчыра віншуе з Новым годам і Калядамі ўсіх сваіх сталых падпісчыкаў і чытачоў, а таксама тых, хто яшчэ, спадзяемся, прагаласуе падпіскай праз Белпошту і Белдрук за наша выданне!  Мы вельмі ўдзячны вам за ўвагу і з надзеяй будзем чакаць сустрэчы з пашыраным складам сяброў-падпісчыкаў у 2022-м!

 Адыходзячы год мы, журналісты “К”, пражылі разам з вамі, нашымі  сапраўднымі дарадцамі і героямі, якія дапамагалі ствараць нам актуальны кантэкст. “Культура” заўсёды карысталася аўтарытэтам у прафесійных колах сферы, ды і не толькі адно яе, транслюючы са сваіх старонак  усё тое, што фарміруе стрыжань нацыянальнай культурнай адметнасці беларускай нацыі, яе імідж у прасторы свету. Партрэты выбітных творцаў сучаснасці і мінуўшчыны, праблемныя артыкулы і рэпартажы з месца падзей, інтэрв’ю і чытацкія агляды, “выязныя рэдакцыі”, рэцэнзіі і “круглыя сталы”... Тысячы і тысячы старонак мы прысвяцілі Летапісу ўвасаблення ў жыццё дзяржаўнай праграмы развіцця галіны, яе дню сённяшняму і будучыні. Ганарымся, што за шматлікія праекты мы ўдастоены дзяржаўнай прэміі Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”, а таксама маем у сваім рэдакцыйным арсенале вышэйшыя прафесійныя ўзнагароды галіны СМІ –  дзве “Залатыя Ліцеры” і “Залаты Фаліянт” за кнігавыданне. Зразумела, будзем імкнуцца ўзнімаць інфармацыйную планку нашага штотыднёвіка на новыя вяршыні, звяраючыся з Часам. А ляціць ён вельмі хутка. Сёлета рэдакцыя прымала віншаванні са сваім 30-годдзем.

Але – крыху пра тое, як “Культура” з’явілася на медыйным полі краіны. Першы нумар газеты, заснаванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, пабачыў  свет 14 кастрычніка 1991 года ў чорна-белым варыянце на васьмі палосах. Потым колькасць старонак штотыднёвіка ў пэўныя часы даходзіла і да 32-х. Мы бадай першымі ў краіне з дзяржаўных СМІ пачалі прыходзіць да чытача ў поўнакаляровым варыянце і на мелаванай паперы. У гісторыі газеты – спецвыпускі на англійскай, нямецкай, польскай, іспанскай, рускай і ўкраінскай мовах. Прысутнічала “Культура” ў гэтых “інфаварыяцыях” у розных краінах свету – на Сусветных выстаўках, на Днях Беларусі і Днях культуры Беларусі, а таксама на “Славянскім базары ў Віцебску”, “Лістападзе”, Еўрабачанні ды іншых буйных форумах...  

Шаноўная грамада! Дзяржава абвясціла сёлета новае для Беларусі свята – Дзень   народнага адзінства. Адзінства тое – ва ўсім! І найперш – у спасціжэнні адзін аднаго. У падтрымцы адзін аднаго ў малым і вялікім. Газета “Культура” – жывы арганізм, і таксама мае патрэбу ў дзейснай увазе да сябе. Прынамсі ў форме падпіснога квітка ад вас. А мы ў сваю чаргу прапануем своеасаблівы прэс-падарунак ад “К”: дасылайце ў рэдакцыю вашы фотаздымкі з выпісанай газетай – сюжэт выбірайце любы – і мы абавязкова іх надрукуем. Дарэчы, кожнае фота падпісчыка трапіць таксама і ў Інтэрнэт. Пазнаёмімся? Дзякуй!

  

Рэдакцыя “К”
arrow
arrow